Новыя правілы паступлення ў ВНУ: «справядлівае стаўленне» да дзяцей сілавікоў — па-за конкурсам

Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю Правілаў паступлення ў ВНУ. Хаця, па сутнасці, тут ужо нічога новага: дзяржаўная адукацыя — «дзяржаўным людзям».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Указ №2, які сёння падпісаў Лукашэнка, рэгулюе новы парадак паступлення абітурыентаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БелТА», «Правілы прыёму дапрацаваны з улікам вынікаў шырокага вывучэння грамадскай думкі і экспертных адзнак, а таксама апрабацыі асобных нормаў у ходзе ўступнай кампаніі 2022 года».

Прэс-служба Лукашэнкі адзначыла, што гэтыя правілы «забяспечваюць захаванне прынцыпу роўнай магчымасці паступлення ў ВНУ», аднак сам дакумент гэта абвяргае.


Напрыклад, без уступных выпрабаванняў змогуць паступіць у ВНУ пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка — па рэкамендацыі назіральнага савета, выпускнікі ліцэяў пры ўніверсітэтах — пры паступленні ў дадзеныя ўніверсітэты.

Не забылі і пра Саюзную дзяржаву: пры паступленні на платную форму навучання без аніякіх выпрабаванняў будуць залічаныя асобы, якія здалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі.

Пры паступленні ў ВНУ Мінабароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта і на ваенныя факультэты дзеці вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў праходзяць па-за конкурсам.

Уводзяцца асаблівыя ўмовы паступлення на спецыяльнасці для Узброеных Сіл, транспартных войскаў і органаў памежнай службы. На названыя спецыяльнасці абітурыенты будуць здаваць толькі два прадметы (мова і адзін профільны прадмет у форме ЦЭ або ЦТ).


Што датычна мэтавай падрыхтоўкі кадраў, то там прапануецца іспыт у вуснай ці практычнай форме. Таксама абітурыентам, якія прэтэндуюць на месца з мэтавай падрыхтоўкай, трэба будзе прадаставіць характарыстыку са школы ці каледжа.

Каментуючы новаўвядзенні, цяперашні міністр адукацыі Андрэй Іванецназваў іх «прынцыпова новым крокам наперад па ўдасканаленні выніковай атэстацыі за курс агульнай сярэдняй школы і ўступнай кампаніі ў ВНУ». Толькі вось куды вядзе гэты крок, застаецца па-за кадрам.

Варта яшчэ раз адзначыць, што ўсё пералічанае чыноўнікі называюць «прынцыпамі справядлівага стаўлення да людзей і забеспячэння роўных умоў пры паступленні ў ВНУ».