Школа без ваенрукоў, адказных за ідэалогію і спецназаўцаў на свята

Ці ёсць альтэрнатыва сённяшняй дзяржаўнай беларускай школе? Асабліва ва ўмовах, калі прыватныя школы зачынілі, дыстанцыйнай формы навучання няма ў законе, а індывідуальны план стала складаней атрымаць? Як не дзіўна, яшчэ ёсць.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

 

На умовах ананімнасці пагаварылі з сям'ёй у Беларусі, якая знайшла альтэрнатыву беларускай дзяржаўнай школе праз афармленне ў расейскай, і з настаўніцай, якая вымушана пакінула краіну, але працягвае вучыць беларускіх дзяцей анлайн. 

Раней тыя, хто хацеў знайсці альтэрнатыву афіцыйнай сістэме адукацыі, ішлі ў прыватныя школы або афармлялі дзяцей на індывідуальны план і вучылі іх самастойна. Пры індывідуальным плане дзеці не наведваюць школу, вучацца дома з бацькамі, нанятымі выкладчыкамі або самастойна, і прыходзяць у школу толькі раз у чвэрць, каб здаць атэстацыю. Пры такім фармаце навучання папулярны кааперацыі, калі бацькі скідваюцца і аплачваюць працу настаўнікаў, якія вучаць групу дзяцей. Гэта нашмат танней, чым вучыцца ў прыватнай школе.

Навучанне па індывідуальным плане даступна і цяпер. Але, як распавялі нам бацькі, у апошні год яго ўсё больш складана атрымаць і ўжо ёсць спробы вярнуць дзяцей з ІП на вочнае навучанне. Таму некаторыя сем'і абіраюць варыянт — афармляць дзяцей у школы ў іншай краіне.


Рабочая схема

Распавядзем, як тое працуе, на прыкладзе варыянту з Расеяй. Вучыцца ў іншай краіне можна, калі сям'я пражывае там больш за паўгода. Напрыклад, бацька ці маці ў сувязі з працай жывуць на дзве краіны, і дзецям даводзіцца часта пераязджаць. Тады вы забіраеце дзіця з беларускай школы або пераводам і прыносіце даведку з новай школы, або ў нікуды — у сувязі з пераездам. Далей выбіраеце любую расійскую школу, каб аформіць там дакументы. У Расіі беларускіх грамадзян прымаюць без пытанняў.

У Беларусі органы адукацыі могуць прыйсці да вас з праверкай, і тады вы можаце прад'явіць даведку са школы, рэгістрацыю ў РФ, пацверджання з працы. Гэта чыстая схема. Але рэгістрацыю ў РФ можна атрымаць і ў Беларусі, такая прапанова ёсць на рынку. Ці можна прапісацца ў сваякоў у РФ. Тады можна нікуды не з'язджаць з Беларусі, вучыць дзіця самастойна, у кааперацыі або анлайн ці дыстанцыйна ў расейскай школе. Гэта ўжо напаўлегальная схема. І ў малым горадзе, дзе ўсё навідавоку, у органаў адукацыі могуць узнікнуць пытанні, калі яны бачаць, што дзіця пастаянна жыве ў Беларусі, а вучыцца па-за яе межамі.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg

Кошт за дваіх дзяцей — крыху больш за 900 BYN у год

У Святланы дзве дачкі вучацца дыстанцыйна ў 3 і 7 класах у расійскай школе — Цэнтры падтрымкі сямейнай адукацыі (ЦПСА).

«Гэта пасярэдніцкі цэнтр, які аказвае паслугу па размяшчэнні дакументаў у вочнай маскоўскай школе і паслугу па атэстацыі, якую праходзіш на іх платформе, — распавядае Святлана. — У Расіі цяпер шмат падобных паслуг, гэта цэлы бізнес. Гэта могуць быць пасярэдніцкі цэнтр, які мае дамову з пэўнымі школамі, або вочная школа, якая прадастаўляе паслугу — афармленне на сямейную адукацыю. Да прыкладу, ЦПСА не навучае, а прапануе вучыцца на платформе партнёрскай школы, дзе ёсць урокі, курсы па ўсіх прадметах у запісе. То-бок можна стварыць уласны адукацыйны набор: пайсці ў школу і вучыцца анлайн па яе праграме, а можна проста аформіцца, праходзіць атэстацыю на платформе і вучыцца самастойна або знайсці іншыя варыянты навучання, напрыклад, бясплатныя анлайн-урокі. Мы выбралі другі варыянт — проста аформіліся ў школу, а дзеці вучацца самастойна з маёй дапамогай. Мы выкарыстоўваем падручнікі, урокі ў запісе, загружаныя на платформу нашай школы. Гэтага дастаткова. Праграмы стандартныя. Атэстацыя прывязаная да Федэральнага дзяржаўнага адукацыйнага стандарту».

Паколькі гэта бізнес, то ў асноўным усе школы платныя, кажа Святлана:

«У ЦПСА кошт складае каля 15 тыс расійскіх рублёў у год, у малодшых класах менш. Мы плацім за дваіх дзяцей 23 тысячы (915 BYN). Але можна знайсці і цалкам бясплатнае навучанне.

У ЦПСА яшчэ можна працаваць з куратарам, што актуальна ў старэйшых класах пры падрыхтоўцы да іспытаў. Гэта ўжо будзе значна даражэй і іншы фармат навучання (завочны)».

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg

Падчас атэстацыі можна гугліць

Як распавяла Святлана, фармат атэстацый можна выбраць. Можна здаваць адзін раз на год, як гэта робяць яны, можна кожную чвэрць. Ёсць школы, дзе атэстацыя праходзіць пад камерай, то-бок за вучнямі і вучаніцамі назіраюць, як яны здаюць тэст. Можна здаць без кантролю праз платформу: адчыняеш прадмет, заходзіш у атэстацыю і здаеш тэст на 20-40 пытанняў, напрыклад, за 6 гадзін. Каб адказаць на пытанні, можна глядзець падручнік, гугліць, пытацца ў бацькоў. Такі вось вельмі свабодны падыход.

«Праўда, у гэтым годзе я пісала распіску, што маё дзіця самастойна здае атэстацыю, напэўна, ад школы запатрабавалі гэтую фармальнасць, — удакладняе гераіня. — Але ў прынцыпе сям'я сама вырашае, што дзіця здае сам, а што за яго здаюць іншыя, тыя ж бацькі або рэпетытары. Я да гэтага спакойна стаўлюся, бо ў мяне іншы погляд на адукацыю. Акрамя школьнай праграмы ёсць маса іншых рэчаў, захапленняў, на якія дзіцяці важней выдаткаваць свой час».

Выяўленчае мастацтва, фізкультуру, працоўнае навучанне таксама трэба здаць, але ў выглядзе тэорыі. Можна прыкласці даведку з музычнай, мастацкай школ або спартыўнай секцыі, тады здаваць тэорыю не трэба.

Як адзначае Святлана, у дзяцей пры такім падыходзе зусім іншае стаўленне да праверкі ведаў, замест страху і нерваў — цікавасць, яны ўспрымаюць атэстацыю, як квэст.

Калі здаваць экзамены ў 9 і 11 класах у Расіі, то на выхадзе будзе расійскі атэстат. Калі прад'явіць табелі і аформіць здачу экзаменаў у Беларусі, можна атрымаць беларускі атэстат.


«План навучання будуем самі»

У сярэднім у Святланы адукацыя двух дзяцей займае каля 3 гадзін на дзень, звычайна гэта не больш трох прадметаў.

«З малодшай дачкой я пакуль не выкарыстоўваю падручнікі і ўрокі, якія знаходзяцца на платформе школы, а купляю дапаможнікі, працоўныя сшыткі, напрыклад, дапаможнікі Жэні Кац па матэматыцы, Вольгі Собалевай па рускай мове. Сёлета яна захацела займацца матэматыкай летам і самастойна гэта рабіла. Цяпер у яе няма строгага раскладу. Са старэйшай дачкой наадварот, мы зрабілі расклад заняткаў, трымаемся графіку, карыстаемся падручнікамі нашай школы, склалі спіс прадметаў для вывучэння, у першым паўгоддзі адны, у другім іншыя. Калі ёсць іншыя справы ці дрэнны настрой, мы адкладаем заняткі на іншы дзень».

У старэйшых класах нейкія прадметы можна вывучаць фармальна, лічыць Святлана: «З імі можна наогул знаёміцца ў фармаце атэстацыі. Адчыняеш, гугліш і атрымліваеш інфармацыю натуральным чынам, напрыклад, так можна рабіць з гісторыяй, літаратурай. Лепш прачытаць тую кнігу тады, калі будзе цікава, а не па абавязку, як і тую ж гісторыю».

Жанчына патлумачыла свае матывы такога фармату адукацыі для дзяцей: «У нас з мужам першапачаткова быў такі лад жыцця, мы не былі наёмнымі работнікамі, працавалі на сябе, у вольным рытме. І гэта не супадала са школьным жорсткім графікам. Па-другое, мне не падабалася філасофія школы, неэфектыўная трата часу, маларухомае замкнёнае асяроддзе навучання. А цяпер яшчэ з'явілася шмат лішняга, я не хачу, каб мае дзеці ўдзельнічалі ў «патрыятычным выхаванні» з дзіўнымі людзьмі з сілавых структур, у такім выглядзе я яго не прымаю».

imgl0339__1__logo.jpg

«Вучу беларускіх дзяцей з Іспаніі, Грузіі, Швецыі»

Марыя — настаўніца. Каля 5 гадоў у Беларусі яна вучыла дзяцей, якія знаходзіліся на сямейнай адукацыі і былі на індывідуальных планах. У 2021 годзе яна з'ехала з Беларусі і цяпер жыве ў Польшчы. Але пры гэтым працягвае вучыць беларускіх дзяцей, праўда, усе яны ўжо жывуць па-за краінай.

«У мяне сёння вучыцца 20 дзяцей у розных анлайн-фарматах, — распавядае Марыя. — Напрыклад, ёсць клас з некалькіх дзяцей, якіх я тры разы на тыдзень  вучу па праграме трэцяга класа. Таксама працую з некалькімі вучнямі індывідуальна па праграме першапачатковай школы. Усе прадметы па-беларуску. Гэта дзеці рэлакантаў, якія сёння жывуць у Іспаніі, Грузіі, Швецыі, Украіне, Польшчы. Яны ўсе аформлены ў мясцовыя школы, але вучацца ў мяне. Яшчэ ёсць група дзяцей, якіх па запыце бацькоў 2 разы на тыдзень я вучу толькі беларускай мове. А таксама адзін раз на тыдзень я сустракаюся вочна з дзецьмі беларусаў, якія цяпер жывуць ва Уроцлаве, і таксама вучу іх беларускай мове і матэматыцы».

Нягледзячы на змену месца жыхарства, графік Марыі такі ж насычаны, як быў у Беларусі. Яна працуе 6 дзён у тыдзень з 8.30 да вечара.

«Гэта дазваляе зарабляць на жыццё ў Польшчы, заставацца ў супольнасці сваіх, працягваць вучыць эфектыўна згодна са сваімі каштоўнасцямі, захоўваць Беларушчыну», — кажа выкладчыца.