Мінскім школьнікам раздалі «анкеты патрыёта», дзе радзімай называюць... Расію
Настаўнікі мінскай школы раздалі вучням 7 — 11 класаў анкету, каб праверыць іх патрыятызм. Але праблема ў тым, што «радзімай» у анкетах называюць Расію.

«Вось такія анкеты раздалі сёння мінскім школьнікам. Правяралі ўзровень патрыятызму. Пытанне IV, варыянт адказу 3: «Патрыятызм — інтэрнацыяналізм, гатоўнасць да супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых нацый і народаў у інтарэсах сваёй Радзімы — Расіі», — напісаў чытач аднаго з тэлеграм-каналаў, перадаюць «Белнавіны».

З яго слоў, на пытанне дзяцей, чаму ім у якасці радзімы прапануюць Расію, настаўнік адказаў: «Адкуль я ведаю, мне такія анкеты выдалі. Проста закрэсліце слова Расія, калі хочаце, або абярыце іншы варыянт».
«Мяркуючы па ўсім, педагогі і іх начальнікі-ідэолагі ці то не глядзяць, якія анкеты друкуюць, ці то ўжо прадвызначылі будучыню Беларусі і рыхтуюць да гэтага дзяцей», — прагназуе чытач.