«Расія хворая, вельмі даўно, і, думаю, гэтая хвароба смяротная»

Праваабаронца, дырэктарка фонду «Русь, якая сядзіць» Вольга Раманава разважае пра перспектывы адпраўкі на вайну зняволеных расійцаў, пра тое, ці сапраўды ў Расіі ўзнікае антываенны пратэст, і пра хворую свядомасць расійскага грамадства.

fn_54hixmaetrnp.jpg


— Думаючы пра гэта, я думаю аб калектыўнай адказнасці, і не толькі рускіх, але і міжнароднай супольнасці, — адзначыла праваабаронца ў эфіры канала «ГРОШІ». — Таму што некалькі гадоў таму мы ўсе паглядзелі відэа, на якім вагнераўцы жорстка пакаралі смерцю палонных у Сірыі, адрэзалі ім часткі цела. Самі ж найміты і запосцілі гэта відэа, то-бок яны хваліліся, як гэта робяць.

А мы ўсе жахнуліся, паперажывалі тры дні, гэта паказалі сусветныя каналы, сказалі «які жах» і паскакалі далей. Не засталося нікога, хто б сеў на гэты кейс і сказаў, што трэба давесці справу да канца, знайсці забойцаў, прыцягнуць іх да адказнасці.

Беспакаранасць спараджае беспакаранасць, злачынства спараджае злачынства. Калі можна ў Сірыі, то чаму нельга ў Расіі?

Паводле ацэнак Раманавай, пасля прыняцця Дзярждумай РФ закона аб мабілізацыі людзей з судзімасцю, у тым ліку з цяжкай, на вайну можна адправіць да чвэрці мільёна чалавек.

— Пасля прыняцця гэтага закона мы чакаем масавага набору. У калоніі, дзе ўжо некалькі разоў прайшоўся са сваім грабянцом ПВК Вагнера, прыйдуць ваенкамы і забяруць пакінутых. Колькі можна забраць? З улікам таго, што 30 тысяч забрала ПВК, яшчэ 250 тысяч яны могуць набраць.

На момант пачатку вайны ў Расіі было паўмільёна зняволеных, мінус жанчыны, старыя і інваліды — усё астатняе можна браць, канстатуе праваабаронца.

У цэлым з нагоды таго, ці адаб'ецца неяк мабілізацыя на падзеі ў Расіі, яна не адчувае ілюзій.

— На жаль, Расія хворая, вельмі даўно, і, думаю, гэтая хвароба смяротная.

Мы бачым, як расійцы, якія пачынаюць разумець, што іх саміх тычыцца вайна ва Украіне, праклінаюць Украіну, а не Пуціна, не гэтых жахлівых людзей, якія гэтую вайну развязалі.

Вядома, не ідзе і гаворкі ні пра якое пачуццё ўласнай віны, ні пра якое пачуццё ўласнай адказнасці за ўсё гэта. Таму калі кажуць, што для праекта «Расія» калі-небудзь, можа быць, наступіць будучыня, я адказваю: не, яна не наступіць.

Таму што могуць з'явіцца спецыялісты, якія будуць падымаць эканоміку, могуць з'явіцца новыя «планы Маршала», у тым ліку і для Расіі, але куды мы падзенем большасць людзей?

Куды мы падзенем гэтыя 60, 70, а тое і 80% насельніцтва Расіі, якія лічаць, што ПВК Вагнера — гэта крута, што Херсон — наш, расійскі?

Мяне хвалюе дыскурс пра жанчын, якія выходзяць на пратэст, таму што ў іх мужчын няма нармальнага заплечніка, нармальнай бронекамізэлькі, нармальнай ежы.

Некаторыя лібералы гавораць, што, магчыма, гэта пачатак пратэсту. Не, гэта не пачатак пратэсту! Гэтыя жанчыны сапраўды хочуць, каб іх мужы і сыны ваявалі, яны не кажуць «не вайне», не кажуць «вярніце нам нашых мужоў, сыноў».

Калі спрасціць, то яны кажуць: давайце нашы мужчыны будуць з камфортам забіваць украінцаў. І я не думаю, што ў такой пазіцыі ёсць перспектыва стаць пратэстам.

На жаль, мы маем справу з пакаленнем, якое не выправіць. Зразумела, што без пакаяння ў Расіі ніякай будучыні няма. А пакаяння не будзе. Ад каго яго чакаць? Ад выхавальнікаў, якія ставяць дзяцей літарай Z, ад настаўнікаў, якія гэтаму вучаць, ад дактароў у ваенкамаце? Ад каго? — задае Раманава рытарычнае пытанне.