«Абстрэлы мірных гарадоў — спосаб падняць унутраную самаацэнку сведак імперскай велічы»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры піша пра тое, што Расія ўсё ж дастралялася. Але і адмовіцца ад масавых абстрэлаў Украіны яна не можа. Пытанне толькі ў тым, калі скончацца ракеты.
Расія ўсё ж дастралялася. Падобна, што ўчора яны выпусцілі дзве ракеты па тэрыторыі Польшчы, забіўшы дваіх чалавек. Выпусцілі, я думаю, неспадзявана. Усё-ткі адна справа — ваяваць з NATO ў сваёй галаве, і зусім іншае — зачапіць NATO на сваю галаву. Пасля васьмі месяцаў вайны тое, што засталося ў гэтай галаве ад здаровага сэнсу, павінна ж было неяк кансалідавацца і растлумачыць ушчэмленай велічы, што ў бок NATO страляць не трэба. Хаця не факт, вядома, што ў здаровага сэнсу там наогул ёсць права голасу.
Але ўвогуле, нават калі ракеты заляцелі знарок, усё ж такі здаецца малаверагодным, каб NATO дало на гэта паўнавартасны ваенны адказ. Калі хацелі б адказаць, то, напэўна, не ладзілі б «стараннага расследавання».
Але гэта не значыць, што ніякіх наступстваў для Расіі не будзе зусім. Нават калі акажацца, што ў Польшчы ўпала ракета, якую выпусціла ўкраінская СПА, каб збіць расійскую. Як мінімум Украіна атрымае СПА больш дакладную, а тыя, хто выступае за тое, каб закрыць неба па меншай меры над заходняй часткай Украіны, атрымаюць у сваю карысць новыя аргументы. Таму што, чыя б гэта ні была ракета, вінаватая будзе ўсё роўна Расія. Не было б расійскіх масавых абстрэлаў, дык ніякія ракеты ў Польшчы не падалі б.
Але і адмовіцца ад масавых абстрэлаў Расія не можа. Прынамсі, да тых часоў, пакуль у яе ёсць чым страляць.
Вось у папярэдні раз Расія зладзіла масавыя абстрэлы пасля перадыслакацыі ў Харкаўскай вобласці. Паспяховае адступленне з Херсона для велічы было зневажальнае, таму і ракет выпусцілі больш. Ну, а чым яшчэ парадаваць тужлівых патрыётаў? Не палонным янотам жа, на самай справе.
Тым больш што Украіна адказала нарэшце на расійскія прапановы мірных перамоў, і гэты адказ расійскім уладам зусім не спадабаўся. Хоць, насамрэч, прэзідэнт Зяленскі прапанаваў вельмі высакародныя ўмовы. Урэшце, гэтыя ўмовы мала адрозніваюцца ад тых, якія ён прапаноўваў раней, калі Херсон яшчэ быў у складзе Расіі назаўжды. А прысутнасць Херсона ў арганізме мае самы прамы ўплыў на трываласць перагаворных пазіцый.
І трэба было б браць мірныя перамовы, пакуль іх яшчэ даюць, а не правяраць, колькі яшчэ дзён працягнецца «назаўжды» для Марыупаля, Мелітопаля або, скажам, Крыма.