«Лукашэнка пра ўсю сваю міратворчасць можа забыцца назаўжды»

На саміце G20, які праходзіць у Інданэзіі, Уладзімір Зяленскі звярнуўся па відэасувязі да лідараў краін і прапанаваў «формулу міру». Усе дзесяць яе пунктаў, на думку прэзідэнта Украіны, выканальныя — на рэалізацыю некаторых «хопіць дзён».

Уладзімір Зяленскі ў Херсоне

Уладзімір Зяленскі ў Херсоне

Ці так гэта, у якіх абставінах магчымыя перамовы аб міры і чаму ў іх нішто не можа быць вынесена за дужкі, «Філін» абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— На мінулым тыдні, калі загаварылі пра тое, што Вашынгтон ненавязліва падштурхоўвае Кіеў да перамоў з Масквой, вы адзначалі, што мэты бакоў абсалютна розныя, а значыць, ім няма пра што дамаўляцца. Верагодна, гэта разумее і Зяленскі, які агучыў сваю формулу міру лідарам «Вялікай дваццаткі» — але не Расіі. На ваш погляд, наколькі рэалістычная гэтая формула, цяпер ці ў перспектыве?

— Усе пункты гучаць вельмі добра: па-першае, абцякальна, па-другое, трапляюць у кантэкст G20, у якім прысутнічаюць не толькі ЗША і еўрапейскія краіны, але і краіны, далёкія ад еўрапейскага тэатра падзей, як Індыя, Інданезія, у пэўнай ступені Турцыя.

Украіна паказвае, што імкнецца да цалкам канкрэтных і важных для ўсіх мэт. Яна хоча радыяцыйнай бяспекі, каб не здарылася непапраўнага. Харчовая бяспека — клопат, перш за ўсё, пра афрыканскія і азіяцкія краіны, пра тое, што ім блізка.

Недахоп прадуктаў хвалюе іх значна больш, чым баявыя дзеянні ва Украіне. Энергетычная бяспека таксама турбуе ўсіх, у тым ліку Індыю, Кітай, еўрапейскія краіны. Таксама вельмі важны пункт — апеляцыя да Статута ААН. Гэта своеасаблівы рэверанс, што прынцыпы ААН павінны дзейнічаць.

Далей Зяленскі пераходзіць да ўкраінскай тэматыкі: вызваленне ўсіх ваеннапалонных і дэпартаваных. Абсалютна справядлівае патрабаванне, прычым важна, што гаворка ідзе і аб дэпартаваных, сотнях тысячах людзей, якія апынуліся на тэрыторыі РФ — Украіна паказвае тым самым, што гэта яе грамадзяне, і яны павінны вярнуцца на радзіму.

У патрабаванні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны гаворка ідзе, зразумела, аб межах 1991 года, і ніякія кампрамісы тут немагчымыя. Далей — пункты аб вывадзе расійскіх войскаў, расследаванні ваенных злачынстваў, супрацьдзеянні экацыду, недапушчэнні эскалацыі, фіксацыя заканчэння вайны.

Як бачым, у спісе ёсць і патрабаванні глабальныя (і Зяленскі паказвае, што іх выкананне пойдзе на карысць усім краінам), і патрабаванні ўкраінскія. Яны, вядома, справядлівыя. Але для Расіі абсалютна нерэальныя, паколькі перакрэсліваюць усё, што ёй удалося здабыць, пачынаючы з 2014 года.

Па сутнасці, кажа Фрыдман, гаворка ідзе пра «закамуфліраваную, элегантна раскладзеную капітуляцыю Расіі, для якой выкананне патрабаванняў стане геапалітычнай катастрофай».

— Я спецыяльна скарыстаўся фармулёўкай Пуціна «распад Савецкага Саюза як самая буйная геапалітычная катастрофа ХХ стагоддзя», таму што рэалізацыя гэтага плана будзе безумоўнай геапалітычнай катастрофай для Расійскай Федэрацыі. Яна страціць тэрыторыі, якія лічыць сваімі: як набытыя цяпер, так і тыя, якія ўвайшлі ў яе гістарычна. І, мабыць, самай страшнай для яе можа стаць страта Крыма.

У апошні час, звяртае ўвагу эксперт, як Расія кажа аб нейкіх мірных перамовах, да якіх «яна адкрыта», так і Украіна заяўляе, што гатовая да мірных перамоў — нават з сённяшнім кіраўніцтвам РФ. Але кожны бок зыходзіць са сваіх інтарэсаў. Адным трэба захаваць усё, што было скрадзена (пытанні «дэнацыфікацыі», «дэмілітарызацыі» і нейтральнага статусу Украіны наогул зніклі з парадку дня), а іншым — вярнуць усё, што страчана.

— Гэты шанец быў упушчаны Расіяй. Вясной Украіна гатова была гаварыць аб вынясенні пытання Крыма і Данбаса за дужкі і дамовіцца хаця пра тое, пра што можна было. Хоць гэта стратэгія не асабліва працуе. Усё блізкаўсходняе ўрэгуляванне будуецца па гэтым прынцыпе, але самыя вострыя тэмы выносяцца на другі план — і мы бачым, што ніякіх сур'ёзных зрухаў за апошнія дзесяцігоддзі на Блізкім Усходзе зроблена не было.

Такі ж прынцып у дачыненні да Украіны ў нейкай ступені замарозіў бы гэтую сітуацыю. Мабыць, у сакавіку і красавіку Украіна была гатова пайсці на гэта, калі яе становішча на фронце было вельмі цяжкім.

Аднак сёння становішча зусім іншае.

У Украіны ёсць значныя поспехі на фронце, сур'ёзная падтрымка, абсалютна выбітны маральны дух войска. Але ёсць і велізарныя страты: чалавечыя ахвяры, разбурэнне інфраструктуры, жудасныя злачынствы накшталт Бучы… І ў такіх умовах выносіць нешта за дужкі ў дамовах з Расіяй...  Кіеў на гэта не пойдзе — занадта ўжо свежыя раны.

Аляксандр Фрыдман

Аляксандр Фрыдман


— Вы нядаўна пісалі, як уяўляюць сабе магчымыя перамовы не толькі асноўныя гульцы, але ў тым ліку і Кітай, Турцыя і Беларусь. На ваш погляд, ці зменіць нешта ў гэтых чаканнях саміт G20, адкуль «самавыпіліўся» Пуцін, затое цалкам сабе знаходзяць агульныя падыходы Сі Цзіньпін і Байдэн?

— Пакуль тое, што мы бачым, выглядае як памылка Пуціна: маю на ўвазе рашэнне ўсё ж такі не ехаць на саміт. З іншага боку, ехаць туды на фоне Херсона было б вельмі ганебна.

А ў адсутнасць Расіі асноўныя гульцы гавораць паміж сабой і вымушаны знаходзіць агульныя падыходы — і няма таго ізгоя, з якім ніхто размаўляць не хоча. Кіруючыся ўласнымі ці страхамі, ці чымсьці іншым, Пуцін сябе ізаляваў.

Што ўжо відавочна пасля гэтага саміту (ён яшчэ не завяршыўся, але тэндэнцыя бачна) — пасылы да міру, да перамоў з боку такіх важных незаходніх гульцоў, як Кітай, Індыя, Турцыя, Інданезія.

Рыторыка не новая, з самага пачатку вайны яны кажуць агульнымі фармулёўкамі: вайна — гэта ў прынцыпе дрэнна, мы ні на чыім баку, давайце проста скончым вайну — і на гэтай пазіцыі працягваюць заставацца.

Што для Расіі, падобна, даволі непрыемна —паказное збліжэнне паміж Кітаем і Еўропай і Кітаем і ЗША. Яны як бы кажуць: так, мы адрозніваемся, нашы сістэмы вельмі розныя, але мы хочам нейкім чынам вырашыць, як будзем жыць далей, і не хочам ваяваць адзін супраць аднаго. Пуцін у сувязі з гэтым становіцца каменем перашкоды: ён — той, хто пачаў вайну.

Увогуле, паводзіны Сі Цзіньпіна не самыя прыемныя для Расіі. Хоць кітайцы, як я бачу, вырашылі гэта трошкі згладзіць. Лаўрова да Сі Цзіньпіна не падпусцілі, бо не па Сеньку шапка, затое ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Кітая. Гэта значыць, Расіі паказалі, што цалкам яе не кідаюць, але і палітыку нейтралітэту не зменяць.

На думку аналітыка, па выніках саміту G20 у адносінах як усходніх, так і заходніх краін да Расіі асаблівых перамен не здарыцца.

— Як мне ўяўляецца, Украіна яшчэ ў красавіку, калі спыніліся перамовы з Расіяй, прыняла для сябе прынцыповае рашэнне: альбо вайна вядзецца да перамогі, альбо «мы з гонарам і годнасцю загінем». З боку Зяленскага і цяпер быў вельмі выразны сігнал, які, дарэчы, адразу ўспрыняла Расія. «Мінска-3 не будзе», — сказаў ён, і гэтая фраза стала для іх чырвонай анучай.

Гэта, на жаль, была яшчэ і аплявуха Беларусі: відавочна, што любыя пагадненні, якія маглі б быць у Мінску, для Украіны ў прынцыпе выключаны. Таму Лукашэнка пра ўсю сваю міратворчасць можа, напэўна, забыцца назаўжды.

І другі аспект — рэакцыя Расіі паказвае, што яна атрымала аплявуху якраз за тое, чаго яна хацела б. Пагаднення «Мінск-3», якое дазволіла б «замарозіць» сітуацыю, не будзе, ніхто не дасць часу для таго, каб назапасіць сілы, перааснасціць войска і працягнуць з трэцяга разу тое, што не атрымалася ў 2014-м і не атрымліваецца цяпер, у 2022-м.

І я не бачу на дадзены момант фактараў, здольных памяняць настроі ўкраінскага грамадства.

— Пра перамовы можна шмат казаць, але пакуль перадумоў для іх не відаць. А значыць, вайна працягваецца, і наперадзе няпросты зімовы этап. Які цяпер узровень падтрымкі Украіны заходнім грамадствам і палітыкамі?

— Наколькі я бачу па публікацыях у медыя, ёсць заявы аб неабходнасці перамоў, але пры гэтым палітыкі адразу ж робяць агаворкі: вырашаць, калі і пра што казаць, будзе Кіеў. Таму прынцыпова ўзровень падтрымкі не змяніўся.

Што тычыцца паставак узбраенняў, іх цяжка ацаніць, таму што вельмі многае адбываецца за кулісамі, але так ці інакш пастаўкі працягваюцца. Акрамя таго, не варта забываць пра сур'ёзны маральны фактар: калі нейкая краіна пачне шантажыраваць Кіеў, я цалкам магу ўявіць, што ўкраінскае кіраўніцтва пра гэта скажа прылюдна. І для кожнага ўрада, які зробіць такі крок, гэта небяспечна на страты, рэпутацыйныя і не толькі.

Наогул, не варта пераацэньваць ступень уплыву Захаду на Кіеў — там сядзяць цалкам самастойныя людзі, якія прымаюць самастойныя рашэнні.

І, вядома, вельмі многае залежыць ад вынікаў. На дадзены момант Кіеў паказвае, што прасоўванне ёсць, тэрыторыі адваёўваюцца: амерыканцы і еўрапейцы гэта бачаць, а ўкраінцаў гэта падганяе і матывуе.

А чарговы варварскі ўдар па энергетычнай сістэме Украіны, ды яшчэ падчас саміту — сведчанне ізаляцыі і палітычнага паражэння Расіі. Пасля кожнага падобнага ўдару яны хапаюцца за ракеты — іншых аргументаў у іх няма. А ўсім удзельнікам саміту гэта ўрок — Расія недамоваздольная.