«Шок у Еўропе»: Найбуйнейшыя сусветныя выданні абвінавачваюць Расію ў абстрэле Польшчы

Найбуйнейшыя сусветныя газеты прысвяцілі свае перадавыя артыкулы абстрэлу Польшчы ракетамі. Выданні паведамілі пра «шок у Еўропе» і зрабілі выснову, што вайна ва Украіне пераходзіць на тэрыторыю краін NATO.

mycollages_10.jpg


Выданні выйшлі яшчэ да сустрэчы лідараў «Вялікай сямёркі» ў Балі, па выніках якой прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ракеты, якія ўпалі ў Польшчы, наўрад ці прыляцелі з Расіі, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

«Расійскі ракетны ўдар па Польшчы» — так апісвае сітуацыю «The Daily Telegraph» і цытуе словы Зяленскага пра тое, што «смяротны напад на Польшчу, чальца NATO, з'яўляецца нападам на ўсіх нас».

«Расійская вайна перайшла на тэрыторыю NATO», сцвярджае «The Washington Post». Газета ўдакладняе, што прыналежнасць ракеты, якая ўпала ў Польшчы, пакуль невядомая.

«Ракета над Польшчай шакіравала Еўропу», піша найбуйнейшая італьянская газета «La Repubblica». Выданне пры гэтым цытуе расійскае Мінабароны, якое заявіла аб правакацыі.

Расійскія газеты тое, што здарылася ў Польшчы, праігнаравалі. На вокладках найбуйнейшых выданняў няма ніякіх згадак інцыдэнту. Цэнтральнай тэмай для «Коммерсанта» стала паездка Сяргея Лаўрова на Балі, гэтай жа навіне прысвяцілі перадавую і «Известия».

Ужо раніцай «Bloomberg» са спасылкай на французскага чыноўніка паведаміў, што артыкул 5 Статута NATO не быў бы запушчаны, нават калі б была даказана віна Расіі. Па словах суразмоўцы выдання, ніхто не хоча далейшай ваеннай эскалацыі.

Актуальную пазіцыю Захаду выказаў у сваім блогу прэм'ер Нідэрландаў Марк Рутэ: «Падзення ракет на тэрыторыі Польшчы не здарылася б, калі б не ракетныя ўдары Расіі па Украіне».