Адкуль у Польшчу прыляцелі ракеты? Адказ можа быць кепскім для Беларусі
На тэрыторыі Польшчы 15 лістапада ўпалі дзве ракеты — пасля таго, як расійская армія нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне. Ракеты ўпалі на тэрыторыі вёскі Пшэводуў у Люблінскім ваяводстве. У выніку загінулі два чалавекі. Але пытанне ў тым, адкуль ракеты былі выпушчаны.
МЗС Польшчы зрабіў заяву, у якой гаворыцца: «У 15:40 у вёсцы Пшэводуў [...] упала ракета расійскай вытворчасці, у выніку чаго былі забіты двое грамадзян Польскай Рэспублікі. У сувязі з гэтым міністр замежных спраў Збігнеў Рау выклікаў пасла Расійскай Федэрацыі ў Міністэрства замежных спраў і запатрабаваў неадкладных падрабязных тлумачэнняў».
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, выступаючы з экстраным зваротам да краіны, сказаў: «У нас пакуль няма вычарпальных доказаў таго, хто менавіта выпусціў гэтую ракету». Ён таксама дадаў, што Польшча на экстраным пасяджэнні краін-удзельніц NATO 16 лістапада задзейнічае чацвёрты артыкул Статута NATO, што прадугледжвае пачатак кансультацый унутры Альянса з нагоды пагрозы, якая турбуе аднаго з яго членаў.
Дуда таксама паведаміў, што NATO знаходзіцца ў стане боегатоўнасці.
Лідары вядучых сусветных дзяржаў сабраліся на надзвычайную сустрэчу, каб абмеркаваць інцыдэнт з падзеннем ракеты на Пшэводуў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў: «Не хачу казаць гэтага, перш чым мы правядзём поўнае расследаванне, але, з пункту гледжання яе траекторыі, малаверагодна, што яна была выпушчаная з Расіі, але паглядзім».
Паводле інфармацыі CNN, самалёт NATO адсачыў ракету, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы. Звесткі перададзены Варшаве і Паўночнаатлантычнаму альянсу, але хто запусціў ракету, пакуль не выдаецца.
Аскепкі, якія ўпалі ў Польшчы, падобна, могуць належаць расійскай ракеце Х-101, піша польскі журналіст Матэуш Лачоўскі пасля размовы з экспертам. Гэта ракеты класа «паветра — зямля», яны выпускаюцца з самалётаў. Менавіта такім чынам расійскія войскі абстрэльваюць Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Таму ў Польшчы цяпер сур'ёзна абмяркоўваюць пытанне, адкуль прыляцелі ракеты: з Расіі ці з Беларусі. Адназначнага меркавання няма. Але сам факт такога абмеркавання для афіцыйнага Мінска — вельмі дрэнны знак.
Сёння якраз плануецца пасяджэнне Савета Бяспекі ААН па Украіне, а яшчэ — кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны «Рамштайн». У рамках гэтай групы больш за 45 краін аб'ядналіся для ваеннай дапамогі Украіне. Так што пасля ўчарашніх «залётаў» (ва ўсіх сэнсах) РФ можна быць упэўнена: яшчэ да канца года ўкраінцы ўбачаць шмат новай і цікавай зброі.
Прынамсі, заходнія краіны будуць больш актыўна ставіць пытанне аб забеспячэнні Украіны больш моцнымі сродкамі супрацьракетнай абароны. Пра гэта каналу «Можам патлумачыць» заявіў палітолаг Аляксандр Марозаў.
«Такія магчымасці супрацьракетнай абароны ёсць у цэлага шэрагу еўрапейскіх краін, не кажучы ўжо пра Злучаныя Штаты», — сказаў Марозаў. Ён упэўнены, што ўжо ў бліжэйшы час паўстане пытанне аб закрыцці неба над Украінай.
«Несумненна, што тут уступае ў сілу 4 артыкул дамовы Паўночнаатлантычнага альянсу — гэты артыкул прапісвае, што неадкладна павінны пачацца кансультацыі, паколькі ёсць пагроза краіне-члену Альянсу. Дыпламатычных мер быць не можа, таму што яны ўжо ўсе былі выкарыстаны», — заявіў палітолаг.
А калі высветліцца, што ракеты, якія ўпалі ў Польшчы, былі запушчаны з Беларусі?
Паводле ВВС, БДГ, Можам патлумачыць, Салідарнасць