«Калі справа пойдзе так і далей, Беларусь у эканамічным плане ператворыцца ў суб'ект Расіі»

Палітык Андрэй Дзмітрыеў у сваім блогу «Кароткі фармат» разважае пра тое, чаму сыход «Макдональдса» і «Сінэва» з Беларусі пагражае нацыянальнай бяспецы і дзяржаўнаму суверэнітэту краіны.

88c48c7e11d3084a6aa289c8d1c567ce231a9ae92_1280.jfif


— Закрыццё «Макдональдса», каб дагадзіць расійскаму капіталу — гэта чарговы доказ эканамічнай экспансіі Крамля ў Беларусі і міжнароднай ізаляцыі нашай краіны.

Маем на ўвазе, што адбываецца гэта ўслед за сыходам з нашай краіны шведскай сеткі медыцынскіх лабараторый «Сінэва». Інсайды сцвярджаюць, што яе выкупляе расійская сетка «Nelix». Як бачым, міжнароднага капіталу ў Беларусі становіцца ўсё менш, а расійскага — усё больш. І праблема тут не проста ў заходнім або расійскім капітале.

Палітык мяркуе: у прынцыпе дрэнна, што ў беларускай эканоміцы ўзмацняецца дамінаванне аднаго вонкавага вектара, а ўсе астатнія альтэрнатыўныя опцыі скарачаюцца.

— Гэта дрэнна, як любая манаполія і адсутнасць канкурэнцыі. Між іншым, дадзены трэнд — відавочны вынік эканамічных санкцый, уведзеных у дачыненні да Беларусі заходнімі дзяржавамі.

Я заўсёды стрымана казаў пра эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі і наракаў на тых, хто разлічваў, што абвальванне сацыяльнай эканомікі зможа да нечага прывесці. Гэтыя людзі зусім не прымалі ў разлік пагрозы далейшага паглынання беларускага рынку расійскім капіталам, што дрэнна для нашай незалежнасці.


На думку Дзмітрыева, рызыкі сыходу заходніх кампаній былі б мінімізаваны, калі б замест іх прыходзілі беларускія вытворцы. Але на прыкладзе «Макдональдса» і «Сінэва» бачна, што гэтага не адбываецца.

— Актывы замяшчаюцца расійцамі, якіх на нашым рынку і без таго крытычна шмат. Дадзеную праблему неабходна наўпрост звязваць з пытаннямі аб нацыянальнай бяспецы, захаванні палітычнай незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту.

Сучасны глабальны свет такі, што ім кіруе не той, хто даслаў у тваю краіну салдат, а той, хто ўсталяваў кантроль над яе эканомікай. Па даных нацыянальнага статыстычнага камітэта, доля Расіі ў замежных інвестыцыях у Беларусі ў 2021 годзе склала 42,6%.

Калі справа пойдзе такім чынам і далей, то Беларусь у эканамічным і фінансавым плане ператворыцца ў суб'ект Расіі. І тады пустым гукам акажуцца словы нашых афіцыйных асоб пра іх уклад ва ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

Тлустая кропка, якую беларускія чыноўнікі ставяць на «Макдональдсе», толькі пацвярджае гэты небяспечны трэнд.

— На жаль, прывабнасць Беларусі на міжнародным рынку толькі падае, і мы з вамі аказваемся ў эканамічнай пастцы, дзе пазычаем у аднаго і таго ж, прадаём на той жа самы рынак, а цяпер яшчэ і атрымліваем інвестыцыі з адной крыніцы.