Тышкевіч: Людзям страшна, нават людзям у пагонах і ў атачэнні Лукашэнкі

Аналітык, эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч разважае пра ўнутраны стан беларускіх уладаў, якія лічылі Расію моцнай дзяржавай, усё паставілі на яе, і — пралічыліся. І цяпер ім трэба выслізгаць з сітуацыі.

fpuxnwhxmaiknqh.jpg


Нядаўна стала вядома, што Мінабароны Беларусі плануе надрукаваць 180 тысяч позваў, а таксама выклікаць у ваенкаматы ўсіх ваеннаабавязаных для зверкі ўліковых дадзеных. І гэта ўсе на фоне вызвалення ад расійскіх войск Херсона і далейшага наступу УСУ.

Ці можа спроба паўторнага нападу з тэрыторыі Беларусі стрымаць наступ УСУ?

— Я б сказаў, што гэта абсалютна не вырашэнне пытання, — кажа Ігар Тышкевіч у інтэрв’ю «6TV B*larus». Дзеля таго, каб стварыць рэальную небяспеку для Украіны, на беларускім накірунку трэба сфармаваць ударную групу не менш, чым 60 тысяч чалавек, — гэта тых, хто пойдзе. Хачу нагадаць, што вайсковы складнік узброеных сіл Беларусі — гэта не больш за 40 тысяч, з іх адправіць можна ўмоўна кажучы каля 20 тысяч ва ўмовах паўнавартаснага ўдзелу ў вайне.

Таму ім трэба павялічваць, наганяць расійскіх мабілізаваных, але нават і гэтая групоўка можа стварыць праблему, але не будзе здольная вырашыць стратэгічныя задачы.

У дадзеным выпадку наступ з боку Беларусі не вырашае стратэгічных задач або не здымае праблемы РФ. Наступ можа прынесці тактычнае палягчэнне, але тут шмат што залежыць ад падзей, якія развіваюцца на франтах на Поўдні.

Эксперт падкрэслівае: жаданне ўцягнуць Беларусь у вайну ў Расіі застаецца.

— Яны будуць спрабаваць гэта зрабіць. Тут ужо пытанне пазіцыі беларускага боку, бо, шчыра кажучы, людзям страшна, нават людзям у пагонах і ў атачэнні Лукашэнкі. Таму што кожная параза Расіі паказвае два вельмі важных фактары. Пазіцыя і беларускіх сілавікоў, і беларускіх улад базавалася на тэзісе пра Расію як вельмі моцную вайсковую і палітычную сілу ў рэгіёне, альбо дамінуючую.

Адпаведна, з аднаго боку, гэта давала магчымасць спрабаваць размаўляць з пазіцыі сілы з суседзямі, таму што ёсць парасон бяспекі з боку Расіі. З другога боку, гэта наганяла страх зрабіць штосьці, што не падабаецца Маскве, зноў-такі таму, што Расія — магутная дзяржава.

Зараз мы маем сітуацыю, пры якой у Расіі не хапае сіл забяспечыць паўнавартасны парасон бяспекі над Беларуссю.

Я не думаю, што для Масквы будзе так лёгка ўцягнуць у вайну Беларусь. Тое, што ў пэўнай меры задавальняе Пуціна, — гэта гуляць на мяжы ў такую правакацыю: праводзіць бясконцыя манеўры, запрашаць расійскіх мабілізаваных у Беларусь, таксама сітуацыя з гэтымі позвамі (гаворка ідзе пра 180 тысяч позваў, якія збіраюцца надрукаваць у Беларусі), праводзіць праверкі вайскова абавязаных. Ну, маўляў, давайце напалохаем Украіну.

Так, гэта прымушае Украіну трымаць дадатковыя сілы на беларускай мяжы, але не болей за тое. І для Расіі гэта выгадна, — заключае Ігар Тышкевіч.