ВУП Беларусі: эфект «Дажынак» зніжаецца, інерцыйны рост IT заканчваецца

Па выніках дзесяці месяцаў бягучага года ВУП Беларусі істотна адстае ад аналагічных паказчыкаў мінулага года. У студзені — кастрычніку 2022 года зніжэнне склала 4,7%. Месяцам раней глыбіня спаду была аналагічнай.


Прыкметней за ўсё спад у эканоміцы заўважны ў сферах транспарту, будаўніцтва і гандлю. Транспартная дзейнасць за студзень — кастрычнік паказала зніжэнне на 16,7%. Месяцам раней паказчык быў мінус 16,5%. Спад па выніках дзесяці месяцаў захоўваецца ў будаўнічай сферы (мінус 11,3%), хоць сітуацыя выглядае крыху лепш, чым месяцам раней (мінус 12,2%). Сфера гандлю і рамонту аўтатранспарту ўпала на 11,4%, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Крыху знізілася адставанне выпуску за дзесяць месяцаў у апрацоўчай прамысловасці: мінус 7% па выніках кастрычніка супраць мінус 7,3% у верасні. У той жа час горназдабыўная прамысловасць па-ранейшаму знаходзіцца ў зоне росту за студзень — кастрычнік (+2,5%). Аднак доля апошняй у ВУП вельмі малая і складае толькі 0,8%.

Аб пагаршэнні паказчыкаў вытворчасці ў большасці галін ускосна сведчыць працяг спаду ў сферах водазабеспячэння (мінус 2,4%), забеспячэння электраэнергіяй і газам (мінус 1,3%).

У сферы сельскай гаспадаркі ўсё яшчэ прыкметны сезонны рост. Тут за студзень — кастрычнік 2022 года аб'ём вытворчасці прадукцыі, тавараў, работ і паслуг дадаў 3,1% да аналагічных вынікаў мінулага года. Аднак месяцам раней рост складаў 4,5%. Эфект «Дажынак» паступова слабее.

Што тычыцца аднаго з апошніх драйвераў эканомікі, то IT па выніках дзесяці месяцаў амаль згубіў увесь сваёй рост (+1,4%). Не выключана, што ў цэлым па выніках года гэтая сфера прадэманструе спад.

Нагадаем, паводле ўказа Лукашэнкі ВУП Беларусі ў 2022 годзе павінен быў вырасці на 2,9%. Потым Лукашэнка заяўляў аб жаданні выйсці хаця б на паказчыкі мінулага года — то-бок, нулявы ВУП.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: