Рэсурсы, што дазволяць удасканаліць вашу беларускую мову. Карысна і цікава

Многія беларусы пачалі пераходзіць на беларускую мову. Спачатку гэта можа быць цяжка: хтосьці стасуецца толькі з рускамоўнымі людзьмі, а хтосьці мала што памятае з таго часу, калі вучыўся ў школе ці ўніверсітэце.

«Новы Час» падрыхтаваў для вас спіс рэсурсаў, якія дапамогуць вывучаць беларускую мову не толькі эфектыўна, але і цікава.

Belmovie — тэлеграм-канал з перакладамі сучасных фільмаў і серыялаў на беларускую мову. Там можна паглядзець, напрыклад, фільм «Топ Ган: Мавэрык», амерыканскія серыялы «Дом цмока», «Стары», амерыканска-брытанскі серыял «Дзіцё».

Кінакіпа — тэлеграм-канал з вялікай калекцыяй перакладаў не толькі фільмаў і серыялаў, але і мультфільмаў. Там ёсць і «У пошуках Нэма», і «Мікі Маўс», а таксама знакамітыя фільмы - «Анна Карэніна», «Матрыца», «Даласкі клуб пакупнікаў», «Востраў проклятых» і гэтак далей.

Суполка AniBel прадастаўляе шмат анімэ на беларускай мове: «Чалавек-бензапіла», «Хэлсінг», «Утульны паход» і іншыя.

Кінаконг — праект, які не толькі прафесійна агучвае кіно, але і ладзіць паказ фільмаў у кінатэатрах. Фільмы ў іх агучцы можна глядзець і на voka.tv (працуе з Беларусі).

А для тых, хто любіць чытаць, існуе беларуская электронная бібліятэка Беларуская Палічка. Там можна знайсці кнігі айчынных аўтараў, пераклады замежных, падручнікі, кнігі па медыцыне, кулінарыі, мастацтву і архітэктуры, рэлігіі і палітыцы. Ёсць і аўдыёкнігі.

Таксама багатая калекцыя кніг на беларускай мове на Rulit.me і kamunikat.org.

Прышпільныя коміксы перакладаюць коміксы на беларускую мову. У суполцы можна знайсці комікс «Мікі Маўс», які выдаваўся ў 90-я, «Па той бок садовага тыну» і шмат іншых.

Дзеля ўзбагачэння слоўнікавага запасу раім падпісацца на тэлеграм чат-бот Мурчацік. Ён будзе штогадзінна дасылаць беларускія словы з варыянтам напісання лацінкай і перакладам на расейскую мову. Такім чынам, вы зможаце пасіўна папаўняць сваю лексіку. Падпіска на месяц каштуе $1.99, на год $15.99.

Апроч чат-бота, для пасіўнага вывучэння беларускай мовы існуе карысны каляндар ад Лёгкая мова. З ім вы кожны дзень будзеце даведвацца адно новае слову ў класічным правапісы з прыкладам ужывання ў сказе і ілюстрацыяй. Зусім нядаўна ў продажы з’явіўся каляндар на 2023 год — будзе добрым падарункам сабе й сябрам на надыходзячыя святы. Кошт — 40 беларускіх рублёў.

Каб заняць сябе ў дарозе ці расслабіцца перад сном, можна слухаць падкасты на беларускай мове. Кожны зможа знайсці тэму даспадобы. Напрыклад, існуе падкаст Тэхнавука — пра космас і тэхналогіі, Першы гікаўскі — пра кіно, серыялы ды гульні, Белліт пад піва, дзе тры дзяўчыны абмяркоўваюць нетыповыя творы з беларускай літаратуры, жартуюць і п'юць піва. Ёсць і падкаст Беларускія байкі, які можна слухаць усёй сям’ей.
 
Калі не ведаеце як перакласці якое-небудзь слова з расейскай на беларускую ці наадварот, добрай альтэрнатывай Yandex альбо Google-перакладчыкам стане Slounik.org — адзін з найлепшых беларускіх анлайн-слоўнікаў. Акрамя пераклада, там ёсць прыклады ўжывання слова ў сказах. Разам з тым можна сцягнуць прыладу на камп’ютар.

А для тэлефона існуе прылада Skarnik — якасны і зручны слоўнік.

Чылік — хутчэй за ўсё, вы бачылі гэтыя знакамітыя смешныя коміксы на злобу дня па-беларуску. А калі не, рэкамендуем падпісацца — гумар якраз дапаможа запамінаць словы.

У сваім інстаграм Ліза вучыць сучаснай беларускай мове праз відэа. Добры варыянт для тых, хто лепей успрымае інфармацыю на слых.

А тут выкладваюць файныя коміксы з мілымі ілюстрацыямі.

Ну, і для тых, хто прагне духоўнага ўдасканалення ці хоча проста рэлакснуць, шчыра раім цыкл «Медытацыя па-беларуску» ад «Новага Часу». А яшчэ звярніце ўвагу на нашую новую праграму «Смачна з Новым Часам» — тут вы не толькі навучыцеся гатаваць традыцыйныя беларускія стравы, але і даведаецеся шмат цікавых гістарычных фактаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: