Насуперак Качанавай. Улады «ўключылі заднюю» ў пытанні размеркавання студэнтаў-платнікаў
Міністр адукацыі Андрэй Іванец выказаўся з нагоды інфармацыі пра абавязковае размеркаванне не толькі студэнтаў-бюджэтнікаў, але і тых выпускнікоў беларускіх ВНУ, якія атрымліваюць адукацыю за ўласныя грошы. Паводле яго слоў, прымусовага размеркавання платнікаў не будзе.
«Гэта
не гаворыць пра тое, што мы будзем абавязваць нашых выпускнікоў платнай формы
навучання размяркоўвацца. Але мы будзем актыўна прапаноўваць ім выкарыстоўваць
такую магчымасць, паказваць яе перавагі», — перадае словы Іванца дзяржаўнае агенцтва «БелТА».
Адметна, што сваім выказваннем міністр адукацыі фактычна абвяргае набліжаную да Лукашэнкі старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якая лічыцца надзвычай уплывовай асобай, ледзьве не другім чалавекам ва ўладзе.
Нядаўна Качанава заявіла, што міністэрству адукацыі пастаўлена задача «размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх».
Выглядае, што недзе наверсе зразумелі, наколькі непапулярнай будзе пастанова аб абавязковай адпрацоўцы платнікаў і «ўключылі заднюю».