Героі меча і магіі: беларускі варыянт

Беларускія чыноўнікі павінны любіць фэнтэзі ды магічныя кампутарныя гульні. У гэтым няма нічога кепскага — калі ты аддзяляеш гульню ад рэальнасці. Аднак, падаецца, шмат хто з нашых адказных асобаў здзяцінеў і загуляўся. Інакш іх заявы апошняга часу патлумачыць нельга.

2_1_15.jpeg

Нашыя адказныя асобы аказаліся ў палоне магічнага мыслення. Па Фрэйду магічнае мысленне — гэта перакананне аб магчымасці ўплыву на рэчаіснасць з дапамогай сімвалічных псіхічных або фізічных дзеянняў або думак.

Кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава на тыдні заявіла, што ў беларускіх крамах дастаткова тавараў, выбар на паліцах шырокі, недахопу ні ў чым няма. Па яе словах, па даручэнні Лукашэнкі члены Савета Рэспублікі, у тым ліку сама Качанава і хакейны трэнер Дзмітрый Баскаў, а таксама супрацоўнікі сакратарыята Савета інспектуюць крамы па ўсёй краіне на прадмет наяўнасці тавараў і захавання цэнавых абмежаванняў на іх. Качанава распавяла аб выніках праверак, і адзначыла, што ўсё выдатна. А тыя, хто кажа пра праблемы з асартыментам — хлусяць. «Гэта ідзе інфармацыйная вайна, калі нядобрасумленныя людзі проста хочуць унесці раскол у грамадства для таго, каб гэта стала яшчэ адным трыгерам, каб выклікаць непакой у нашых грамадзян. Абсалютна няма ніякіх падстаў, каб сёння казаць аб тым, што заўтра з паліц крамаў знікнуць нейкія тавары», — падкрэсліла Качанава. І параіла, каб ведаць праўду, — чытаць дзяржаўныя СМІ і глядзець тэлевізар.

Вось толькі вочы не падманеш. Недзяржаўны «экстрэмісцкі» партал, які быў да разгрому самым буйным у Беларусі, звярнуўся да чытачоў, каб яны пацвердзілі словы Качанавай. І, мяркуючы па фота, дасланымі чытачамі, карціна ўсё ж не такая вясёлкавая.

«У гіпермаркетах адбываецца расцягванне тавару па паліцах на ўсю катушку. Выпечка — толькі расійская», — напісалі з Мінска. «З продажу цалкам зніклі тавары для дыябетыкаў. Калі раней было поўна печыва, вафель, халвы, мармеладу, зефіру, нават было марозіва і глазураваныя сыркі для дыябетыкаў, то цяпер няма наогул нічога. Зрэдку з'яўляюцца сушкі на фруктозе — і на гэтым усё», — напісала іншая чытачка.

У Лідзе стала цяжэй знайсці некаторыя касметычныя тавары і бытавую хімію. «Даводзіцца мужа прасіць прывезці з Еўропы тампоны нармальныя», — падзялілася яшчэ адна чытачка.

Дык чаму ж Качанава кажа адно, а людзі бачаць іншае? Гэта — магічнае мысленне. На думку Качанавай, усё, што яна скажа — спраўдзіцца, можа быць.


Не адстае ад яе намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык. Рапартуючы пра поспехі беларускай гаспадаркі, ён заявіў. што ў IV квартале 2022 года плануецца перапрацаваць 3,9 млн тон нафты, што на 1,4 млн тон больш, чым у III квартале.

Можна было б пляскаць у ладкі, але атрымліваецца, што за паўгода нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы апрацуюць 6,4 млн тон нафты. Гэты аб’ём — тое, што пастаўляе Беларусі Расія для ўнутранага спажывання. І нашай краіне гэтага хопіць вышэй даху.

Калі думаць, што такі ж аб’ём нафты быў перапрацаваны і ў першым паўгоддзі (бо рэальная статыстыка па нафтаперапрацоўцы даўно закрытая), атрымліваецца, што Сінявокая перарабіла 12-13 млн тон нафты за год.

Дасягненне? Чатыры-пяць гадоў таму мы з Расіяй вялі «нафтавыя войны» за тое, каб яна пастаўляла нам на перапрацоўку 24 млн тон нафты, і скардзіліся на недахоп, калі было 18 млн тон. Гэта значыць, што цяпер нафтаперапрацоўка знізілася на 30-50 працэнтаў (у залежнасці, як лічыць — ад 18 ці ад 24 млн тон). Дзе ж тут дасягненне?

Імаверна, віцэ-прэм’ер ці лічыць, што памяць у людзей кароткая, ці тое, што калі ён скажа пра дасягненні — гэта і будзе дасягненнем. Цалкам укладаецца ў схему магічнага мыслення.

Між іншым, такі стыль паводзінаў беларускія чыноўнікі бяруць у свайго непасрэднага шэфа. Падмена паняццяў, нарматывы «постпраўды» і папулізм — ягоная фірмовая фішка. Не стаў выключэннем для гэтага і саміт АДКБ.

Шчыра кажучы, гэтыя саміты ўжо даўно ператварыліся ў мерапрыемства па зборы цытат нібыта адказных асобаў, і больш ні для чаго не прыдатныя. Дык вось, Лукашэнка адзначыў, што «ўсё часцей гаворка заходзіць аб магчымасці прымянення ядзернай зброі. Тое, што нельга было ўявіць яшчэ 2-3 гады таму. Ядзерная рыторыка асобных заходніх лідараў зашкальвае. Польскае кіраўніцтва дэкларуе гатоўнасць размясціць у сябе ядзерную зброю. Добра, што ў амерыканцаў, трэба аддаць належнае ім, яшчэ захаваліся разважныя людзі, якія выдатна разумеюць небяспекі ядзерных гульняў, асабліва з непрадказальнымі партнёрамі. Наша цвёрдае перакананне — ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!»

Гэта ён заявіў, седзячы ў двух кроках ад Уладзіміра Пуціна, які ў гэтым годзе некалькі разоў пагражаў прымяніць ядзерную зброю ў выпадку «нападу» на Расію. І апошні раз — не далей як два месяцы таму. Памятаеце ягонае «гэта не блеф», калі ён абвяшчаў мабілізацыю 21 верасня?

А сам Лукашэнка? Яшчэ напачатку года ён казаў пра размяшчэнне ў Беларусі «звыш'ядзернай зброі». Але цяпер вінаватымі ў «ядзерным шантажы» раптам аказаліся Польшча, заходнія лідары і «непрадказальныя партнёры».


Дарэчы, цікава, каго Лукашэнка меў на ўвазе пад «непрадказальнымі партнёрамі»? Асабліва тады, калі ўсе абмяркоўваюць факт, што АДКБ не выканала свае саюзніцкія абавязкі перад Арменіяй, і не ўступілася за яе ў той час, калі на яе напаў Азербайджан.

І вельмі цікава, калі «магічнае мысленне» сутыкаецца з рэальнасцю. Дзяржаб'яднанне «Сталічны гандаль і паслугі» прыняло рашэнне закрыць сезон сельскагаспадарчых кірмашоў у сувязі з зімовым надвор'ем. «У сувязі з зімовымі ўмовамі надвор'я прынята рашэнне аб спыненні правядзення сельскагаспадарчых кірмашоў выхаднога дня 26 і 27 лістапада, 3 і 4 снежня 2022 года», — паведамілі ў прадпрыемстве. У мінулыя выходныя ў сувязі з надвор’ем сельгаскірмашы ўжо адмянялі.

Вось яно як! Зіма, аказваецца, настала нечакана. Усе думалі, што яна яшчэ далёка, за гарамі, а яна, такая злая, настала адразу пасля восені. Не ўзгадніла яна свой прыход з Мінгарвыканкамам і «Сталічным гандлем і паслугамі»! І ўжо дакладна там, у кабінетах, не думалі, што «снежань» нездарма называюць «снежнем», праўда?

Як мы бачым, «магічным мысленнем» прасякнутая проста ўся вертыкаль улады — ад кіраўніцтва прадпрыемстваў і асобна ўзятага горада да віцэ-прэм’ера і вышэйшых чыноўнікаў дзяржавы.

Вось толькі сучасная псіхіятрыя лічыць магічнае мысленне нармальным у дзяцей да 3-5 гадоў і прадстаўнікоў прымітыўных культур. А ва ўсіх астатніх выпадках яна кваліфікуе такі спосаб думкі як расстройствы адаптацыі і засмучэнні шызафрэнічнага спектру, адзін з сімптомаў шызатыпічнага расстройства.

Хаця, у беларускім выпадку, у гэтым ёсць патаемны глыбінны сэнс. Калі чыноўнікаў усё ж спытаюць, што і навошта яны нарабілі, тыя могуць прыкінуцца псіхічна хворымі, недзеяздольнымі і не адказваючымі за свае словы і ўчынкі. Вельмі зручна ў тым, каб пазбегнуць адказнасці.