Z-сімволіка больш не ў трэндах. Попыт на тавары ў падтрымку вайны ў Расіі моцна ўпаў

Кошт атрыбутыкі з сімваламі расійскага ўварвання ва Украіну падае ўсе апошнія месяцы, вынікае са звестак агрэгатараў, на якія звярнуў увагу тэлеграм-канал «Можам патлумачыць». Менш стала і каментароў да гэтых тавараў, што азначае істотнае зніжэнне попыту на іх.

russia5.jpg


Тавары з сімваламі «спецаперацыі» прадаюцца на ўсіх буйных расійскіх пляцоўках (Wildberries, Ozon і Яндэкс.Маркет). Аднак дынаміка коштаў цяпер даступная толькі на Wildberries, астатнія анлайн-крамы адключылі яе яшчэ ў сакавіку.

Падае попыт як на адзенне, так і на налепкі, значкі і сцягі. Напрыклад, футболкі з сімвалам Z патаннелі прыкладна ў паўтара-два разы (некаторыя — нават у тры разы). Водгукаў да іх таксама стала менш у параўнанні з сакавіком-красавіком. Падае ў цане і адзенне з фразамі кшталту «Zа», «Мне не сорамна», «Сваіх не кідаем».

Напрыклад, самая папулярная Z-футболка ад вытворцы «Рускі мір» патаннела з 2028 да 1225 рублёў.

Перасталі карыстацца папулярнасцю налепкі на аўтамабілі з Z-сімволікай, а таксама значкі. Налепка «Мне не сорамна» патаннела з 204 да 136 рублёў, а значкі Z — з 336 да 226 рублёў.

Большасць тавараў, якія карэспандэнт «МП» захаваў у абраным у пачатку вайны, цяпер недаступныя.

Моцна таннее і прапагандысцкая канцылярыя — напрыклад, вокладкі для пашпартоў, школьныя дзённікі і кнігі. Так, абясцэнілася кніга «Сіла v праўдзе» Уладзіміра Кікнадзэ, прэзентацыю якой у кастрычніку праводзіў былы міністр культуры Уладзімір Мядзінскі. На тым мерапрыемстве ён заявіў, што ўвесь журфак МДУ забіты «стварэннямі» з ліку лібералаў.

Некаторыя крамы здымаюць з продажу тавары з Z-сімволікай. Як паведамляў RTVI, уся прапагандысцкая атрыбутыка знікла з сайта сэрвісу друку на футболках «Усемайкі». Раней на сайце быў прадстаўлены шырокі пералік такой прадукцыі — футболкі, талстоўкі, худзі і іншае.