Беларускую культуру зьнішчылі. Цяпер праводзім расейскі культурны марафон
Сталічная гімназія №1 імя Францішка Скарыны ўрачыста сустрэла расейскую дэлегацыю, каб прасоўваць ідэі і прынцыпы ўсходняй культуры.

Марафон у сталіцы Беларусі праводзяць арганізацыі з красамоўнымі назовамі «Расейскі
фонд культуры» і «Рускі дом у Менску». На афіцыйным сайце першай можна знайсьці
наступную фразу: «Шырокая рэгіянальная сетка філіяў і прадстаўніцтваў дае
магчымасьць праводзіць культурную і асьветніцкую дзейнасьць Фонду на ўсёй
тэрыторыі Расейскай Федэрацыі».
Відаць, каб не перашкаджаць высокім гасьцям, каб не муляла вока «антынавуковай нацдэмаўшчынай», надоечы была абвешчаная экстрэмісцкай кніга «Айчына: Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкi» выбітнага пісьменьніка і гісторыка Ўладзімера Арлова ў суаўтарстве з Паўлам Татарнікавым.
І сапраўды, «недабітыя» духоўныя нашчадкі Тадэвуша наўрад ці выкажуць ахвоту прысутнічаць на мерапрыемстве, што заплянаванае на сераду: прагляд мастацкага фільма «Нахімаўцы».

Калі раней мы адчувалі крыху прыхаваныя спробы навязваць культуру «старэйшага брата», калі экспансія вялася скіравана, але ў пэўных рамках, тады сёньня маем дачыненьне ўжо з іншай справай. Пачынаючы з поп-культуры (McDonald’s ператвараецца ў «Вкусно и точка») і сканчваючы татальным вынішчэньнем беларускасьці.
Яшчэ крыху — і вывешваньне трыкалёраў у беларускай сталіцы можа і ня надта зьдзівіць менчукоў. Тады шаноўнай гімназіі №1 прыйдзецца шукаць новага «культурнага апекуна». Замест Францішка падыйдзе любы, з ідэалагічна-правільным (чытай — расейскім) сьветапоглядам.

А ў пятніцу гледачоў запрашаюць на канцэрт ансамбля народнай песьні «Люба-Міла», які пройдзе ў Малой зале Дзяржаўнай філярмоніі. Сьпевамі якога народу заахвочваюць прасякнуцца — можна ўжо не пытацца.