Максім Жбанкоў: Беларускасць — гэта адкрыты праект

У эфіры «Е*рарадыё» культуролаг Максім Жбанкоў разважаў пра ідэю нацыянальнага адраджэння. На яго думку, у цяперашніх умовах «адраджэнне» нам не трэба — больш разумна казаць пра адбудову новай нацыянальнай самасвядомасці, новай нацыянальнай ментальнасці, нацыі будучыні.

18_34.jpg


— Я ўвогуле не разумею, што гэта такое і навошта гэта патрэбна, — сказаў у эфіры Максім Жбанкоў пра ідэю нацыянальнага адраджэння.

— Гэта выглядае, як вяртанне жывых мерцвякоў. То-бок яны ўжо як бы прайшлі — мы гэта пражылі, але мы зараз гэта адновім і будзем жыць, як у пазамінулым стагоддзі. Сама ідэя адраджэння была цудоўнай у межах недзе сярэдзіны 90-х на хвалі гэтага нацыянал-рамантызму. Цяпер вяртацца да гэтай тэмы — гэта жыць пазамінулым днём. Думаю, што гэта абсалютна няправільна.

На думку Жбанкова, у цяперашніх умовах больш разумна казаць не пра адраджэнне, а пра адбудову новай нацыянальнай самасвядомасці, новай нацыянальнай ментальнасці, нацыі будучыні.

— Мне няёмка паўтараць банальныя рэчы, але ці можа існаваць беларускамоўны беларус? Безумоўна можа. А ці можа існаваць англамоўны беларус? Безумоўна можа. А калі ты беларус у Нью-Ёрку, ты што, не беларус? Таксама беларус, але ў іншым вымярэнні. Мяне засмучае гэтая этна-настальгічная прывязка да мадэлі беларускасці, бо, як па мне, беларускасць — гэта адкрыты праект. Калі мы хочам быць актуальнымі, то трэба адмаўляцца ад гэтай этнаграфічнай зашоранасці.

Беларускасць, па словах культуролага, трэба разглядаць як поле магчымасцей, як сістэму асабістых праектаў, а не як агульны ўніверсальны стандарт, паводле якога мы будзем меркаваць і пра сябе, і пра кагосьці іншага.

— Для мяне новая беларускасць — гэта адмова ад відавочных простых рашэнняў. Ты апрануў вышыванку —і ты беларус? Ну не, гэта не працуе. Ты размаўляеш па-беларуску — і што? Гэтага хапае? А што далей? А што ты любіш? А што ты хочаш? А што ты можаш даць Беларусі?

Максім Жбанкоў таксама дае параду перастаць параўноваць беларусаў з украінцамі, а замест пакут засяродзіцца на новых беларускіх праектах.

— Напрыклад, наш цудоўны дакументаліст Андрэй Куціла: ён не ў Беларусі, але па сутнасці гэта і ёсць эфектыўнае прасоўванне беларускасці — праз гэтыя стужкі, праз гэтыя фільмы. У нас таксама ёсць ідэя стварыць прэзентацыю незалежнага беларускага кіно на Берлінскім кінафэсце. І гэта таксама прасоўванне нашай беларускасці. То-бок калі мы не думаем пра свае пакуты і пачынаем дбаць пра эфектыўнасць свайго прадукту, пра якасць свайго прамаўлення, пра энергію свайго выказвання, тады ў нас няма часу крыўдзіцца і шкадаваць — мы будуем новую краіну.

Пакуты, на думку Жбанкова, ні да чаго карыснага не прывядуць. І гэтаму ёсць прыклады ў мінулым.

— Калі вяртацца ў сітуацыю 90-х, то беларускасць тады была партызанскай культурай андэграўнду. Ясна было, што мы на слабых ролях, не можам пераламіць усе абставіны, можам толькі ціха і паслядоўна казаць сваё. І гэта таксама слабая пазіцыя. І справа ў тым, што ніхто пераможнай ментальнасці нас не вучыў. 2020-ы толькі павялічыў нашу траўматычную свядомасць. Праз гэта варта пераступіць, бо калі гэтага не зробім, то будзем няшчаснымі мігранцікамі, якія ходзяць з працягнутай рукой.