Расійскіх вайскоўцаў у Беларусі косіць бранхіт, пнеўманія, ангіна і гіпертанічны крыз
У Беларусі ваенныя медыкі пачалі лячыць мабілізаваных расійцаў, якія праходзяць ваенную падрыхтоўку на беларускіх палігонах. Медыцынскую дапамогу расійскім вайскоўцам аказвае медатрад спецыяльнага прызначэння 432 галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра УС РБ.

Ілюстрацыйнае фота
«Гэтае падраздзяленне з 18 кастрычніка разгарнула на палігоне “Абуз-Лясноўскі” пад Баранавічамі палявы шпіталь. Менавіта на гэтым палігоне знаходзіцца самы вялікі палявы лагер расійскага кантынгенту рэгіянальнай групоўкі войскаў», — пішуць Белнавіны.
Таксама на гэтым палігоне разгорнутыя лагер і функцыянальныя аперацыйныя, рэанімацыйныя аддзяленні, створаны стацыянар на паўсотні ложкаў. Лекары заяўляюць, што галоўнае, з чым яны сутыкаюцца на палігоне — прадастаўленне тэрапеўтычнай дапамогі шырокага спектру. Гэта бранхіт, пнеўманія, ангіна, гіпертанічны крыз і іншае.
Разам з тым, медыкі не хочуць шпіталізаваць вайскоўцаў РФ, бо баяцца магчымай агалоскі. Але ўсё ж мясцовыя жыхары перыядычна сустракаюць расійскіх салдат у бальніцах гарадоў, каля якіх размешчаны лагеры. У асноўным для дадатковых даследаванняў і лячэння зубоў. Пры гэтым вядома, што на лячэнні 432 медцэнтры знаходзяцца вайскоўцы УС РФ.
Выданне адзначае, што ўжо адбылася ратацыя складу медыкаў УС РБ, якія знаходзіліся на палігоне «Абуз-Лясноўскі» з канца кастрычніка. Гэта азначае, што палявы шпіталь УС РБ у бліжэйшы час не будзе згортвацца.