ЯШЧЭ АДНА ЦАГЛІНА Ў СЦЯНЕ. Як рухне мур, рухнуць і сцены

Вакол Беларусі будуюць плот за плотам. У цяперашнім свеце шэсць з дзесяці чалавек пражываюць у краінах, якія маюць памежныя сцены. Цікава колькі яшчэ платоў, сцен, муроў спатрэбіцца свету, каб нарэшце жыць у міры?

maxresdefault_149.jpg


23 лістапада 1979 года выйшаў сінгл з кампазіцыяй «AnotherBrickintheWall (Part 2)» групы «Pink Floyd», які быў часткай альбома «TheWall». Як казаў праз некалькі год пасля гэтага ў сваёй перадачы вядомы радыёвядоўца Сева Наўгародцаў, гаворка ў гэтым альбоме ішла не толькі пра тыя сцены, якія будуюць вакол сябе людзі, падобна хлопчыку Пінку, але і пра тыя сцены, якія раздзяляюць цэлыя народы і краіны.

З моманту рэлізу «Яшчэ адной цагліны ў сцяне» прайшло больш за 40 год, і за гэты час чалавецтва абзавялося колькімі тузінамі новых сценаў, якія, як і казаў Наўгародцаў, падзяляюць вялікія групы людзей. І хоць той мур, пра які казаў Наўгародцаў у той перадачы — Берлінскі — абрынуўся амаль роўна праз дзесяць год пасля выхаду альбому, мы дагэтуль не навучыліся жыць без муроў, як у галовах, так і на абшарах нашай планеты.

Вялікая Кітайская Сцяна

Гэта даўняя гісторыя — адгароджваць сябе ад тых, хто табе не да спадобы, высокім парканам/плотам/сцяной. Самая глабальная па сваіх маштабах канструкцыя, узведзеная рукамі чалавека — Вялікая Кітайская Сцяна. Будаваць яе пачалі яшчэ ў VII ст. да н.э., калі на месцы будучага Кітая існавалі асобныя царствы. Калі краіна ў канцы ІІІ ст. да н.э. аб'ядналася ў імперыю Цінь, на ейных паўночных межах існавала вялікая колькасць асобных участкаў абарончых сценаў. Імператар Цінь Шы Хуан загадаў аб’яднаць некаторыя з гэтых участкаў, што і прывяло да ўтварэння Вялікай Сцяны.

Вялікая Кітайская сцяна — класічны прыклад спробы адмежаваць сваю культуру ці цывілізацыю ад таго, што выглядае ад пагрозлівага, варожага, хтанічнага, што пагражае спакою і самому існаванню. Раннія ўчасткі сцяны рэдка будаваліся з камянёў. У асноўным, будаўнічымі матэрыяламі служылі дрэва, вязанкі трыснягу, гліна, пясок. Нягледзячы на ўяўную нетрываласць, парэшткі гэтай сцяны дагэтуль можна пабачыць у розных месцах Кітая.

ban_1.jpg

Той мур, што пабудаваны з камянёў, і з якім цяпер для ўсіх нас звязаны вобраз Вялікай Сцяны, быў узведзены значна пазней: у канцы XV ст., гэта ёсць у той жа час, калі Казімір IV Ягелончык будаваў па цагліне ўнутраны лад Вялікага Княства Літоўскага.

Агульная працягласць Вялікай Сцяны (а калі больш дакладна, дык усіх шматлікіх участкаў, аб’яднаных гэтай назвай) ацэньваецца цяпер у 21 196 км. На гэтым прыкладзе можна пабачыць, колькі энергіі і рэсурсаў здаўна ўкладалася ў тое, каб утварыць бар’ер паміж сабой і ворагам. Але наколькі гэтая перашкода была надзейнай? Як дэманструе гісторыя, пры жаданні паўночным качэўнікам заўжды можна было знайсці шчылінку, праз якую прасачыцца на тэрыторыю Сярэдзіннай Дзяржавы і не толькі нарабаваць там розных каштоўнасцяў, але і ўтварыць свае ўласныя дзяржавы.

І вось тут адбывалася метамарфоза: патрапіўшы за сцяну, учорашні качэўнік у адзін цудоўны дзень бачыў у люстэрку не суворага ваяра, а выкшталцонага канфуцыянца-кніжніка, які пачынаў з трывогай паглядаць у бок сцяны:  ці не лезе праз яе які злыдзень-варвар. І толькі заваёўнікі-маньчжурцы, пераадолеўшы сцяну ў 1644 годзе, пакінулі яе ў сваіх галовах, не дазволіўшы змяшацца з ханьскім (кітайскім) насельніцтвам. За што і атрымалі нянавісць і барацьбу супраць сваёй дынастыі цягам практычна ўсяго існавання — да падзення ў 1912-м.

Адрыянаў і Антанінаў валы

Адначасова з Вялікай Сцяной ўзводіліся і іншыя размежавальныя сцены, у іншых рэгіёнах плянеты. У ІІ ст. нашай эры рымляне двойчы перагароджвалі сценамі Брытанію. У выніку ўзніклі два валы: Адрыянаў (122 г. н.э.) і Антанінаў (142 г. н.э.). Пры іх дапамозе рымляне абаранялі свае валоданні ад плямёнаў кельтаў-каледонцаў, якія жылі на тэрыторыі цяперашняй Шатландыі. Сучасная навука праводзіць непасрэдную сувязь паміж каледонцамі і піктамі, пра якіх Роберт Льюіс Стывенсан напісаў знакамітую баладу «Верасовы эль». Праўда, у рэчаіснасці пікты-каледонцы не былі маленькімі, як іх апісвае паэт.

Вал Адрыяна

Вал Адрыяна

Між іншым, сярэднявечныя гісторыкі, такія як Беда Вялебны ці Гальфрыд Монмуцкі, выводзілі паходжанне піктаў ад скіфаў. Сучасныя гісторыкі з гэтым не пагаджаюцца. Але для нашай тэмы сценаў гэтая сувязь выглядае дарэчнай, паколькі супраць скіфаў таксама была пабудавана сцяна. Праўда, існавала яна, хутчэй за ўсё, у легендах. Нібыта сам Аляксандр Македонскі пабудаваў на Каўказе мур, каб абараніць поўдзень ад ваяўнічых скіфскіх плямёнаў.

Знакаміты старажытнарымскі натураліст і аўтар прататыпу сучасных энцыклапедыяў Пліній Старэйшы пісаў, што Аляксандр пабудаваў у вузкім праходзе ў Каўказскіх гарах браму, якой падзяліў свет на дзве часткі. У больш познія часы хрысціянская і ісламская традыцыі асацыявалі народы, якія жылі на поўнач ад гэтай брамы, з Гогам і Магогам, якія, як гаворыцца ў Адкрыцці Яна Багаслова, пойдуць, падбухтораныя сатаной, вайной на народ Боскі, але будуць спаленымі нябесным агнём.

Калі чытаеш у дзяцінстве пра ўсе гэтыя сцены, валы і брамы, у апошнюю чаргу прыходзіць у галаву думка, што сучасныя людзі могуць забаўляцца тым жа самым. Тым не менш, цяперашняя эпоха, бадай, ходзіць у рэкардсменах у справе ўзвядзення бар’ераў паміж народамі. Толькі за апошнія 50 год у свеце на межах паміж разнастайнымі дзяржавамі былі пабудаванымі больш за 60 агароджаў рознага тыпу.

Прычым ХХ стагоддзе вынайшла новую канцэпцыю падобных сцен. Калі раней будавалі, каб абараніцца ад ворагаў, цяпер аўтарытарныя рэжымы пачалі будаваць муры, каб ніхто не мог ад іх уцячы. Найвядомейшы прыклад — Берлінскі мур, узведзены ў жніўні 1961-га, які праіснаваў да лістапада 1989-га.


Высокатэхналагічныя муры

Але муры, падобныя Берлінскаму, усё ж выключэнне. Як і раней, цяпер будуюць сцены і платы, каб не даць пранікнуць на сваю тэрыторыю розным непажаданым элементам. І гэта не абавязкова могуць быць чужыя ўзброеныя фармаванні, хоць і такая падстава прысутнічае. Напрыклад, Саудаўская Аравія яшчэ з 2006 года будуе сцяну на мяжы з Іракам і Еменам. 

Праўда, цяпер такія канструкцыі мала падобныя на старажытныя муры. Сучасная сцяна паміж народамі — гэта мудрагелістая і высокатэхналагічная сістэма з разнастайнымі сэнсарамі, інфрачырвонымі камерамі, назіральнымі вежамі і г.д. У наш час куды часцей сцены будуюць, каб не пусціць да сябе мігрантаў, якія пакідаюць сваю радзіму ў пошуках лепшай долі.

Вось тут хрэстаматыйным прыкладам выступае плот, які будуецца на мяжы ЗША з Мексікай. Вядомы ён нам, перш за ўсё, праз рыторыку і абяцанні Дональда Трампа, які пагражаў цалкам адмежавацца ад паўднёвага суседа. Але ў рэчаіснасці гэтую сцяну пачалі будаваць яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Актыўна працавалі ў гэтым кірунку і Джордж Буш-старэйшы, і Біл Клінтан. Так што ўчастак, пабудаваны за часам Трампа, адносна невялікі.

37870459_303_1.jpg

Цікава зірнуць на аргументацыю тых, хто выступае за пабудову плоту на мяжы з Мексікай. Маўляў, ён не толькі абцяжарыць шлях разнастайным злыдням на тэрыторыю Злучаных Штатаў, але і абароніць жыцці тых, хто збіраўся неразумна выправіцца ў нелегальнае і вельмі небяспечнае падарожжа, ды яшчэ і дзетак з сабой прыхапіць. Раней бы ён непазбежна быў бы абрабаваным бандытамі-кантрабандыстамі, якіх так шмат на ўсіх памежжах, а потым рызыкаваў бы памерці ад голаду і смагі ў пустэльні.

Праўда, тыя, хто супраць плоту, кажуць, што акурат пабудова плоту робіць рызыку смерці ў пустэльні больш высокай. Бо плот пераразае найбольш зручныя шляхі міграцыі. Так ці іначай, але статыстыка паказвае, што ў пачатку ХХІ ст. колькасць спробаў незаконна перайсці мяжу, сапраўды, паменшылася. Але не надоўга. У 2019-м зноў адзначыўся рост нелегальнай міграцыі.

Хоць амерыканскі плот і з'яўляецца цяпер самым вядомым, але ён не самы вялікі ў цяперашнім свеце. Яго значна пераўзыходзіць сцяна, пабудаваная індусамі на мяжы з Бангладэш. Працягласць гэтай сцяны, якую пачалі будаваць яшчэ ў 1980-ых, на дадзены момант складае больш за 3140 км (уся мяжа з Бангладэш мае 4096 км).

Да процістаяння мігрантам тут дадаецца яшчэ і ісламафобія. Гэта прыводзіць да таго, што спроба прабрацца праз сцяну ў Індыю часцяком завяршаецца для бангладэшцаў трагічна. Хтосьці падлічыў, што на ёй у сярэднім гіне адзін чалавек у пяць дзён. Найбольш рэзанансны выпадак адбыўся ў 2011 г., калі індыйская памежная ахова застрэліла 15-гадовую бангладэшскую дзяўчынку, калі яна спрабавала вярнуцца з Індыі да хаты.


***

Увогуле, па статыстыцы ў цяперашнім свеце шэсць з дзесяці чалавек пражываюць у краінах, якія маюць памежныя сцены. Вось і мы дадаліся да гэтай кампаніі яшчэ некалькімі мільёнамі цаглінаў. Прычым, як раз з таго боку, адкуль цывілізацыя чакае нападу. Небеспадстаўна чакае, але ўсё роўна крыўдна.

Тым ня менш, для нас застаецца надзея, што ўсё ж тая сцяна, якой нас акружаюць, не нясе такой канцэптуальнай нагрузкі, як старажытныя сцены паміж цывілізацыяй і варварствам. Як рухне мур, так рухнуць і гэтыя сцены. Галоўнае, каб гэта не адбылося такім гвалтоўным чынам, як была разбураная сцяна ў фільме «The Wall».