«Гісторыя са знікненнем і здабыццём McDonalds — класічны выпадак квантавай нявызначанасці»

Што агульнага ў АДКБ, беларускага McDonalds, атамнай станцыі і асобна ўзятых тавараў на прылаўках беларускіх крамаў? Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму іранічнай манеры тлумачыць гэтае «агульнае» законамі квантавай фізікі.

kvantovaya_zaputanno.png

У панядзелак міністр беларускай энергетыкі сказаў, што другі блок Беларускай АЭС гатовы на 96 працэнтаў. І гэта былі б вельмі салідныя 96 працэнтаў, калі б другі блок Беларускай АЭС не быў ужо гатовы на 96 працэнтаў вясной. А потым ён зноў быў гатовы на 96 працэнтаў — ужо летам. Вось з вясны на 96 працэнтаў так увесь час і гатовы. Але калі будзе гатовы на 100 працэнтаў, міністр энергетыкі разважліва прамаўчаў. Такая вось загадкавая штука гэтая беларуская АЭС. У стане амаль поўнай гатоўнасці яна бывае часцей, чым у працоўным.

Чымсьці АЭС нагадвае мне ў гэтым сэнсе АДКБ. Такая ж вось арганізацыя з нелінейнай прысутнасцю ў рэальнасці. Як трэба адказаць NATO, дык яна ёсць. А калі раптам трэба дапамагчы, да прыкладу, Арменіі, то яе ўжо, вядома, не даклічашся. Такая АДКБ Шродзінгера атрымліваецца.

Вось беларускі міністр замежных спраў абурыўся з-за таго, што калектыўнай бяспецы не хапае міжнароднага аўтарытэту і іншыя важныя міжнародныя арганізацыі не хочуць з ёй гуляць. Дык а чаго не абурыцца? Цяпер, калі Арменія аб дапамозе ўжо не просіць, АДКБ можа бяспечна вярнуцца ў сваю віртуальную рэальнасць супрацьстаяння агрэсіўнаму блоку NATO.

Нават беларускі McDonalds перайшоў у катэгорыю аб'ектаў, якія існуюць у нелінейным прасторы-часе. Таму што з учорашняга дня McDonalds у Беларусі афіцыйна няма. А паглядзіш бліжэй — McDonalds зноў ёсць.

Які-небудзь грубы матэрыяліст мог бы прапанаваць гэтаму факту грубае матэрыялістычнае тлумачэнне. Напрыклад, што беларускія ўлады прыгразілі ўладальнікам McDonalds нацыяналізацыяй. Сказалі, што ў выпадку змены брэнда рэзаць напалову булкі (але не курыц. Іх напалову рэзаць нельга, глядзі, не пераблытай) можна будзе толькі ў інтарэсах нацыянальна-арыентаванага харчавання. Таму што інвестыцыйны аўтарытэт у беларускіх уладаў і так імкнецца да нуля, а пасля сыходу McDonalds ён наогул пяройдзе ў катэгорыю адмоўных велічынь.

Але, я як чалавек перадавых навуковых поглядаў, адпрэчваю гэта прымітыўнае тлумачэнне. Я лічу, што гісторыя са знікненнем і здабыццём McDonalds — гэта класічны прыватны выпадак квантавай нявызначанасці.

Як з асобна ўзятымі таварамі на паліцах беларускіх крам. Вось пакуль на гэтыя паліцы глядзіць кіраўніцтва, то яно бачыць там таварнае багацце і варожыя фэйкі. І калі ты таксама хочаш ведаць праўду аб таварным багацці, то трэба не на паліцы крамаў тарашчыцца, а «чытаць дзяржаўныя СМІ і глядзець дзяржаўнае тэлебачанне».

Таму што асобна ўзятыя тавары таксама пераходзяць да прынцыпу нелінейнай прысутнасці ў прасторава-часавым кантынууме. Як АЭС, АДКБ, McDonalds або, скажам, міралюбнасць беларускіх уладаў.