Сергей Навумчык: Чым горш — тым лепш?

Яшчэ 5–7 такіх гадоў, як цяпер — і людзі проста не будуць ведаць значэння беларускіх слоў. І гэта менавіта тое, чаго дамагаецца Масква. Што рабіць? Пра гэта разважае палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграме.

Фота Арыны Сянькевіч

Фота Арыны Сянькевіч

Сваё стаўленне да Макея я выказаў раней (я не бачыў у ім «выратавальніка нацыі», у лепшым выпадку — пераходную фігуру), але маю ў нечым тэарэтычнае пытанне, з Макеем звязанае ўжо толькі ўскосна.

Адказ на якое, зрэшты, пры пэўных абставінах у будучыні можа мець істотнае значэнне.

Давайце для чысціні эксперыменту ўявім, што так званая «мяккая беларусізацыя» (тэрмін не мой) была зроблена з выключна карыслівымі мэтамі (што цалкам магчыма) і нават як частка нейкага палітычнага плана.

Вось гэтыя пяць гадоў (2015–219), у якія дзяржаўны апарат не спрыяў — тое не ў ягоных стратэгічных інтарэсах, але значна менш перашкаджаў беларускім ініцыятывам (культурніцкім, выдавецкім, нават нацыянальным бізнес-ініцыятывам), былі на карысць (хоць у невялікай ступені) беларускай нацыі ці не?

Так — пры ўладзе Лукашэнкі і ўвогуле рэпрэсіўнай сістэме. Але Арлоў, Хадановіч ці Вольскі маглі выступаць ва аўдыторыях ці на канцэртных пляцоўках, але выдаваліся праўдзівыя кнігі па гісторыі Беларусі, але паставілі помнік Касцюшку, але працавала Арт-сядзіба, але па ўсёй Беларусі адсвяткавалі 100-годдзе БНР — гэта добра ці гэта дрэнна?

На карысць гэта было беларускай нацыі — ці на шкоду?


Ці лепш было б так, як у якім-небудзь 2005 годзе, калі мой бацька, у той час старшыня Віцебскай абласной Рады ТБМ, адну за другой атрымліваў адмовы на патрабаванні перавесці шыльды на аўтобусных прыпынках на беларускую мову ці зрабіць выставу памяці Быкава. А было і такое: прыязджалі яны разам з Генадзем Бураўкіным па папярэдняй дамоўленасці ў школу ў райцэнтры, каб правесці творчую сустрэчу з паэтам, а дырэктар школы разводзіў рукамі: «Быў званок. Вы ж усё разумееце…» — і сустрэча адмянялася? Гэтак было б лепш?

У тых, каму беларускае не баліць (а такіх сярод праціўнікаў Лукашэнкі досыць шмат, у тым ліку і людзей вядомых, прычым з доўгім апазіцыйным бэкграўндам, і я ведаю, што некаторых з іх цалкам задаволіла б жыццё ў Беларускай вобласці РФ пры ўмове, што РФ будзе дэмакратычнай, з выкананнем правоў чалавека і г.д., і гэтыя людзі за жыццё добра калі вымавілі б два беларускія словы), адказ будзе — а якая розніца, калі сістэма заставалася той жа?

Ну дык мы ўжо два гады маем татальнае знішчэнне ўсяго беларускага, пад корань. Яшчэ 5–7 такіх гадоў — і людзі проста не будуць ведаць значэння беларускіх слоў (гэта менавіта тое, чаго дамагаецца Масква).

І таму для мяне — ёсць розніца. І гіганцкая.

У сітуацыі, калі беларуская дзяржава на мяжы знікнення, для мяне ёсць розніца, ці будзе на чале яе Лукашэнка, які фізіялагічна ненавідзіць усё беларускае, ці будзе іншы, нават аўтакрат (так!), але які дасць магчымасць для жыцця нацыянальнай культуры і існавання беларускай мовы. Бо толькі мова і нацыянальная культура — падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці. А яна, у сваю чаргу — аснова існавання дзяржавы

Спадзяюся, не напішуць, што я выступаю за прыход аўтакрата. Я, канешне, за дэмакратычна абраную дэмакратычную ўладу. Але досвед — у тым ліку і палітычны, уласны — сведчыць, што ідэал часта недасяжны. Ці, скажам, не адразу дасяжны.

Так, гэта прагматычны падыход.

Але я вельмі рады быў цяпер пераканацца ў размовах з вельмі паважанымі мной людзьмі, якія для нацыі зрабілі як мала хто, што яны падзяляюць такі падыход.