У Гомелі на Каляды не плануюць ніводнага беларускамоўнага свята для дзяцей

У Гомелі не плануецца правядзенне святочных агульнагарадскіх дзіцячых мерапрыемстваў па-беларуску. Усе гарадскія афішы — на расійскай мове. Нават Гомельскі абласны драматычны тэатр, які падрыхтаваў спектакль са шматабяцальнай назвай «Коляда, Коляды, отворяй ворота» — таксама па-расійску.

afp_1c19e2.jpg


Арганізатары абяцаюць на спектаклі шмат калядных песень. Аднак, відаць, усе калядкі таксама будуць па-расійску. І гэта пры тым, што на Гомельшчыне дагэтуль фіксуюцца Каляды з вельмі цікавым абрадавым напаўненнем. Аднак Гомельскія абласны драматычны тэатр усё роўна глядзіць у бок расійскіх традыцый, піша Штодзень.

Гомельскі дзяржаўны лялечны тэатр, баючыся, відаць, што іх не зразумеюць па-беларуску, таксама рыхтуе мерапрыемства па-руску. Падчас спектакля «Площадь картонных часов» абяцаюцца савецкія Дзеда Мароз і Снягурка. І гэта пры тым, што калісьці тэатр лялек ладзіў выдатны калядны спекталь па-беларуску.

У грамадска-культурным цэнтры збіраюцца паказаць дзецям «Вовка-морковка и волшебные часы». І зноў па-расійску, з расійскім пушкінскім героем царом Дадонам і з савецкімі Дзедам Марозам, Снягуркай. Таксама ў грамадска-культурным цэнтры па Ланге прапаноўваецца тэатралізаванае прадстаўленне з роставымі лялькамі «Большая новогодняя елка». Зразумела, па-расійску. Тут, праўда, арганізатары абяцаюць чароўныя падзеі ў ЛЕГА-сіці. Спадзяемся, арганізатары дамовіліся з кампаніяй «ЛЕГА» на выкарыстанне пазнавальнай назвы «ЛЕГА-сіці», на сваім уласным прыкладзе паказаўшы дзецям, што варта паважаць аўтарскія правы.

У Гомельскім лядовым палацы спорту збіраюцца паказаць лядовыя шоу «Бременские музыканты на льду». І зноў па-расійску. Прычым у афішы выкарыстоўваюцца героі савецкага мультфільма «Брэменскія музыкі», хоць першапачаткова гэта казка нямецкіх лінгвістаў братоў Грым. І адпраўляюцца героі зусім не ў савецкі які-небудзь горад, а ў нямецкі Брэмен.

Разгром грамадскага сектара, прадстаўнікі якога ладзілі хаця б камерныя калядныя мерапрыемствы, пакінуў гомельскіх дзяцей увогуле без беларускамоўных прадстаўленняў. А рэпрэсіі ў дачыненні да беларускіх выдавецтваў пазбавілі маленькіх беларусаў яшчэ і без якаснай і цікавай святочнай літаратуры.