Дэмакратыя вымяраецца адлегласцю, якую можа прайсці беларус без прад'яўлення пашпарта
У краінах з нязменным культам асобы нязгода з уладай успрымаецца як злачынства. Хочаш свабоды слова — значыць, ты вораг краіны і працуеш на гаспадароў з-за мяжы.
«Краіне тэрмінова патрабуецца дыктатар» — на такую абвестку аб вакансіі адгукнуліся б самыя амаральныя людзі — псіхапаты, садысты, скнары і самазакаханыя нарцысы з фантазіямі аб славе і бязмернай уладзе.
Дыктатарскія рэжымы асацыююцца з рэпрэсіямі, тэрорам, парушэннямі правоў чалавека, беднасцю простага насельніцтва і ўзбагачэннем набліжанай да дыктатара хеўры, на якой ён і трымаецца. Гэта, здавалася б, неабвержна даказвае, што спыненне дыктатуры як сістэмы палітычнага праўлення — добрая і годная мэта. Але ці дасягальная яна?
У грамадстве, дзе застылае і нежывое слова «стабільнасць» важней за «свабода» — не.
Кожны дзень стабільна хадзіць на працу і стабільна атрымліваць свае тры капейкі на «чарку і шкварку», стабільна глядзець па вечарах тэлевізар, слухаць пра мірнае неба, цвярозых калгаснікаў і намалочаныя тоны збожжа…
Такія людзі вартыя пратэставаць толькі ў выпадку, калі ў краме скончыцца стабільнае штодзённае піва і хлеб. Не, яны не будуць пратэставаць супраць сістэмы ўлады, яны абяруць сабе новага дыктатара, які паабяцае пяць капеек замест трох, і будзе далей вяшчаць з экранаў, як правільна жыць і што правільна думаць. Свабоды ім не патрэбныя – яны не ведаюць, што з імі рабіць.
У такім грамадстве дыктатуры пачуваюцца камфортна, і таму квітнеюць.
Ніякія ідэалогіі, перакананні і праграмы не азначаюць роўным лікам нічога ў культуры, дзе аб’ектам шанавання і павагі з’яўляюцца пост чыноўніка і ўладныя паўнамоцтвы.
Напомню, што пры дэмакратыі грамадства падзеленае на рухомыя групы, якія завуцца меншасцю і большасцю. Як самі гэтыя пазіцыі, так і стаўленне да іх грамадзянаў могуць мяняцца, і гэты працэс задае дэмакратычную змену ўлады. Магчымасць такой змены прымушае кожную з груп з павагай ставіцца да іншай.
А вось у краінах з нязменным культам асобы нязгода з уладай успрымаецца як злачынства. Хочаш свабоды слова — значыць, ты вораг краіны і працуеш на гаспадароў з-за мяжы. Дысідэнты ўспрымаюцца грамадствам як тыя, хто не прымаюць рэжым і «нармальнае жыццё» ды перашкаджаюць сваёй краіне «ўздымацца з каленяў». Так фарміруецца непераадольнае стаўленне да патэнцыйнай апазіцыі як да групы незадаволеных і не вартых дыялогу.
Праблему не вырашыць ні развіццём адукацыі, ні выхаваннем прадпрымальніцкіх навыкаў, ні прасоўваннем грамадзянскіх каштоўнасцяў: тыя, хто іх набывае, імкліва пакідаюць краіну, толькі павышаючы сярод пакінутых долю людзей, якія чакаюць міласці ад дзяржавы. У тых, хто просіць міласціну, няма і не можа існаваць падставы патрабаваць для сябе правоў вызначаць галасаваннем паводзіны тых, хто яе раздае.
За апошнія гады большасць беларусаў выйшла з соннага стану і зразумела, што «хлеб і відовішчы» – гэта не самае галоўнае для шчаслівага жыцця на сваёй зямлі.
Непазбежны працэс прасвятлення запушчаны, і для нас ён значна прасцей, чым, скажам, для тых жа расіян, якія ніяк не могуць развітацца з гераізацыяй А. Неўскага, І. Грознага, Пятра І, Мікалая ІІ, Сталіна, Пуціна…
Спрадвеку мы былі цывілізаваным еўрапейскім народам, і тыя рамкі, у якія нас загнала СССР і яе выдуманая гісторыя пра «малодшых братоў», разбураюцца.
Для нас дэмакратыя вымяраецца адлегласцю, якую можа прайсці беларус без прад’яўлення пасведчання асобы, і колькасцю вызваленых з-за кратаў сяброў.
Ідзем далей!
Мар’яна Ліс, «Гомель Штодзень»