Затрымалі і жонку вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта. Дапоўнена: таксама затрыманы саўладальнік цэнтра «100 балаў»
У Мінску затрымалі жонку вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта. Пра гэта «Л*стэрку» паведамілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.
У аўторак, 27 снежня ў Мінску затрымалі вядомага
рэпетытара Яўгена Лівянта. У аўторак, 3 студзеня, адзін з праўладных
тэлеграм-каналаў паведаміў аб затрыманні дачкі і зяця педагога. Пасля гэтага выявілася, што Юлія — жонка Яўгена Барысавіча
— таксама не на волі.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў знаёмы
Яўгена Лівянта. Паводле яго слоў, рэпетытара, яго жонку, дачку і зяця затрымалі
ў адзін дзень.
«Цяпер яны знаходзяцца на Акрэсціна», — распавёў знаёмы
педагога.
Наколькі вядома знаёмаму, першапачаткова педагог і члены яго
сям'і былі затрыманыя па «адміністрацыйцы».
«Але вы разумееце, што там мяняецца ўсё ад гадзіны да
гадзіны», — удакладніў суразмоўца.
Яўген Лівянт — вядомы беларускі педагог, рэпетытар
па фізіцы і матэматыцы, кіраўнік рэпетытарскага цэнтра «100 балаў», які
займаецца падрыхтоўкай абітурыентаў да ЦТ.
Пасля яго затрымання сілавікі заявілі, што ў 2020 годзе ён
«удзельнічаў не толькі ў перакрыцці дарог і масавых парушэннях парадку» і
«распачаў спробу захопу дзяржаўнай улады» шляхам удзелу ў каардынацыйнай радзе,
а яго цэнтр нібыта незаконна ажыццяўляў адукацыйную дзейнасць з дапамогай змовы
з прыватнай школай.
UPD: Таксама стала вядома пра затрыманне саўладальніка адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова. Сілавікі запісалі з ім «пакаяльнае відэа», якое з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. У ім затрыманага прымушаюць назваць свой даход, а таксама прызнацца ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.