Справа «Рабочага руху»: улады хочуць паказальнага суда?

Год таму КДБ затрымала каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў розных беларускіх прадпрыемстваў. З іх пачалася справа «Рабочага руху», якая цяпер набліжаецца да развязкі. «Deutsche Welle» паспрабавала разабрацца ў дэталях гэтай справы.

Ілюстрацыйнае фота. Рабочыя МЗКЦ на мітынгу ў 2020 годзе

Ілюстрацыйнае фота. Рабочыя МЗКЦ на мітынгу ў 2020 годзе


Крымінальную справу ўдзельнікаў «Рабочага руху» накіравалі ў Гомельскі абласны суд у канцы жніўня. Дзесяць чалавек — Сяргея Шэлеста, Уладзіміра Жураўку, Андрэя Пагерылу, Ганну Аблаб, Аляксандра Гашнікава, Сяргея Дзюбу, Ігара Мінца, Валянціна Цераневіча, Сяргея Шамецьку і Аляксандра Капшуля — абвінавачваюць у «стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК); некаторых з іх — яшчэ і ў іншых крымінальных злачынствах. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае ў РБ за дзяржздраду, — да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле версіі КДБ, які праводзіў расследаванне, фігуранты збіралі і перадавалі «службовую інфармацыю абмежаванага характару» замежным дзяржавам. Аляксандр Лукашэнка называў «Рабочы рух» «ідзілаўскай ячэйкай еўрапейскага разліву на тэрыторыі Беларусі».
«Чым яны займаліся (...) — ад шпіянажу наконт таго, як Галоўчанка будзе абыходзіць санкцыі, да інфармавання таго актыву, на які можна разлічваць. Ад шпіянажу да будучага бунту», — заяўляў Лукашэнка.
Між тым абвінавачаных па справе «Рабочага руху» беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі, бо, на іх думку, сапраўдным матывам пазбаўлення волі абвінавачаных з'яўляецца іх «негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцей, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды асацыяцый, свабоды меркаванняў і іх выказвання».

«Рабочы рух» у Беларусі прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

Афіцыйна абвешчаныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў Беларусі і жорсткае падаўленне акцый пратэсту, якія рушылі за імі, выклікалі абурэнне на многіх беларускіх заводах і фабрыках. Рабочыя выходзілі на мітынгі, некаторыя заяўлялі пра гатоўнасць страйкаваць. Масавай і працяглай забастоўкі тады ў Беларусі не здарылася, а многіх з тых, хто яе за яе выступаў, звольнілі з працы, некаторыя актывісты вымушана пакінулі краіну.
Другі раз, на заклік экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, страйк у Беларусі спрабавалі арганізаваць 26 кастрычніка 2020 года. Ён таксама не стаў масавым, у большасці выпадкаў усё праходзіла ў форме так званай «італьянскай забастоўкі» (гранічна строгае выкананне службовых інструкцый, фактычна выліваецца ў сабатаж. — Заўв. рэд.). Улады пагражалі звольніць усіх, хто падтрымаў ідэю Ціханоўскай.
Вясной 2021 года для абароны грамадзянскіх і працоўных правоў і свабод асоб наёмнай працы ў Беларусі, а таксама для каардынацыі патэнцыйных забастовак з'явілася ініцыятыва «Рабочы рух». А 21 верасня ўлады яе прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». У гэты ж час пачаліся масавыя затрыманні прадстаўнікоў «Рабочага руху» па ўсёй краіне і нават у Расіі. Дзяржтэлеканал АНТ 26 верасня паказаў сюжэт, прысвечаны «Рабочаму руху». У ім гаварылася, што прадстаўнікі ініцыятывы нібыта рыхтавалі забастоўкі і дыверсіі, займаліся прамысловым шпіянажам пад кантролем амерыканскіх і літоўскіх спецслужбаў.


Актывістаў «Рабочага руху» затрымлівалі КДБ і ФСБ

«Затрыманні адбываліся па ўсёй Беларусі, было падключана Цэнтральнае ўпраўленне КДБ, — расказвае ў інтэрв'ю DW прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў. — Майго калегу, юрысконсульта прадпрыемства "Нафтан" Аляксандра Капшуля, увогуле затрымлівала ФСБ. Капшуль ехаў у Маскву, адтуль хацеў вылецець у Варшаву. У цягніку "Варонеж - Масква" да яго падышлі сілавікі, папрасілі дакументы. Разумеючы, што на наступнай станцыі яго затрымаюць, Аляксандр выскачыў з цягніка, зламаў нагу, пашкодзіў руку. Яму ўдалося дабрацца да расійска-ўкраінскай мяжы, але там яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ і незаконна, без суда і следства, перадалі прадстаўнікам КДБ, якія вывезлі Аляксандра ў Беларусь».
Некаторых затрыманых пазней адпусцілі, але 13 чалавек апынуліся ў СІЗА КДБ, затым — СІЗА №3 Гомеля (з траіх чалавек потым знялі абвінавачанні. Заўв. рэд.). Паводле слоў Сакалова, сярод затрыманых удзельнікаў «Рабочага руху» як рабочыя, так і асобы, якія займалі кіруючыя пасады на беларускіх прадпрыемствах.
«Аляксандр Капшуль і Ігар Мінц— юрысконсульты "Нафтана", Ганна Аблаб працавала ва ўпраўленні "Беларускай чыгункі" (БЧ), Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла — рабочыя "Гродна Азота". Людзей разбілі па групах і кожнаму інкрымінуюць пэўныя артыкулы: камусьці незаконны абарот зброі, камусьці паклёп, і ўсім — здраду дзяржаве. Усе абвінавачанні шытыя белымі ніткамі. Мы ведаем, што для атрымання патрэбных паказанняў да затрыманых ўжывалі меры фізічнага і маральнага ўздзеяння. Людзі хацелі перамен, але рэжым вырашыў, што ўсё гэта незаконна», — адзначае Сакалоў, якому ўдалося выехаць за мяжу.

Улады спяшаюцца правесці суд?

DW атрымалася паразмаўляць з роднымі чыгуначніка Сяргея Дзюбы — аднаго з абвінавачаных па справе «Рабочага руху». Ён больш за 20 гадоў прапрацаваў на «Беларускай чыгунцы», далучыўся да страйку ў лістападзе 2020-га пасля гібелі актывіста акцый пратэсту Рамана Бандарэнкі. За гэта Дзюбу звольнілі, а 20 верасня 2021 года да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ, у кватэры правялі ператрус, а яе гаспадара папрасілі «праехаць на размову», пасля якой ён ужо не вярнуўся.
У фільме АНТ сцвярджалася, што Сяргей Дзюба нібыта залучаў у пратэсны рух новых людзей і збіраў інфармацыю, а таксама што на чыгунцы рыхтавалася дыверсія. Паводле слоў сваякоў, Дзюба сваю віну не прызнае. Нядаўна яму дазволілі двухгадзіннае спатканне з сям'ёй. Блізкія кажуць, што ў яго ўсё больш-менш нармальна: «Лісты даходзяць рэгулярна, але толькі ад сваякоў. Ад сяброў дазваляюць пасылкі і віншаванні на дзень нараджэння. На прагулкі выводзяць рэгулярна, праўда, з лазняй не заўсёды атрымліваецца — то з вадой праблемы, то яшчэ нешта».
Таксама родныя палітвязня мяркуюць, што суд па справе прадстаўнікоў «Рабочага руху» зробяць закрытым і ніякіх падрабязнасцей яны не даведаюцца. «Усе выдатна разумеюць, што будуць вялікія тэрміны, але мы ведаем, што хлопцы трымаюцца бадзёра, яны вераць, што хутка ўсё зменіцца, і не шкадуюць пра тое, чым яны займаліся. Усё гэта было законна».
«Наконт дат правядзення суда нам нічога невядома, мы думалі, што пракуратура будзе знаёміцца са справай мінімум месяц, аднак гэта заняло менш за тыдзень. Улады спяшаюцца вынесці прысуд, магчыма, зрабіць суд паказальным, — гаворыць, у сваю чаргу, Аляксандр Сакалоў. — Лукашэнка і яго асяроддзе выдатна разумеюць, што за кошт працоўнага насельніцтва трымаецца эканоміка і яго рэжым. Калі людзі сыдуць на масавы страйк, то ўсё ўстане, для Лукашэнкі гэта будзе параза».