«Пры затрыманні адбіваўся ад міліцыянтаў сякерай». Хронікі рэпрэсій 2 верасня

З дапамогай праваабаронцаў і медыя сабралі галоўнае, што стала вядома 2 верасня пра пераслед беларусаў.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


За каментары ў інтэрнэце ў Гродне затрыманы вартаўнік дзіцячага садка Валянцін Дуброўшчык. 52-гадовага мужчыну абвінавачваюць у абразлівых каментарах у дачыненні да Лукашэнкі, Караніка, а таксама расійскіх салдат, што ваююць ва Украіне.

Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч перавялі ў СІЗА. Імаверна, ім прад’яўленыя абвінавачанні. Паводле сваякоў, якія сёння спрабавалі перадаць перадачу ў ІЧУ, журналіста Паўла Мажэйку перавялі ў СІЗА. Перавод азначае, што яму прад'яўлена абвінавачанне і выбрана мера стрымання – змяшчэнне ў СІЗА. Паведамляецца, што адвакатку Юлію Юргілевіч таксама перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Паколькі іх перавялі сёння раніцай, гэта можа азначаць, што абвінавачанні прадʼявілі яшчэ ўчора, яшчэ да заканчэння 72 гадзін папярэдняга следства

Улады заблакавалі сайт пра «Плошчу Перамен». Гэта адбылося па пастанове пракурора горада Мінска.

На праўладных тэлеграм-каналах выйшла «пакаяльнае відэа» ажно з шасці жыхарамі аграгарадкоў і вёсак Гомельскай вобласці. Вядома, што сярод затрыманых Віцязь Людміла, Шкуда Надзея, Хадко Аляксандр, Апановіч Міхаіл, Марчанка Аляксей. Вяскоўцы кажуць, што былі падпісаны на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».

МУС абнавіла пералік асобаў, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай» дзейнасці Цяпер у ім 474 прозвішчы, спіс папоўніўся наступнымі людзьмі:

  • Яўген Блахінскі, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што яго затрымалі, калі ён вярнуўся ў Гродна з Германіі. У «пакаяльным відэа» ён прызнаўся, што ў 2020 годзе быў у складзе «экстрэмісцкіх» чатаў, дзе заклікаў да «масавых беспарадкаў, забойстваў міліцыянтаў, спальванню «Табакерак».
  • Павел Кучаравенка, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
  • Сяргей Бакач, асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса да чатырох гадоў «хатняй хіміі».
  • Алег Гарбачоў, асуджаны паводле ч. 2 арт. 343-1 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Вядома, ён быў затрыманы за «пагрозы» супрацоўнікам міліцыі.
  • Уладзімір Сівун, якога асудзілі паводле ч. 1 арт. 339, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 339, ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

1 верасня падчас лінейкі ў гімназіі №1 горада Наваполацк, быў выступ людзей у вайсковай форме. Адна дзяўчына на сярэдзіне выступу выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак «Вікторыя». Да яе падыйшлі супрацоўнікі школы, а потым і міліцыянт, які павёў дзяўчыну ў невядомым кірунку.

Сыходзіла дзяўчына пад апладысменты людзей.

Стала вядома пра затрыманне супрацоўнікамі ГУБАЗіК магілёўца Юрыя Пашына. Прычынай гэтага сталі відэа, якія Пашын выкладваў у сваім TikTok-акаўнце. Яны тычыліся ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне, прычым Пашын дастаткова выразна займаў праўкраінскую пазіцыю.

На «пакаяльным відэа» мужчыну вымусілі прызнацца, што ён не меў рацыі, падтрымліваючы Украіну, а таксама заявіць, што ён падтрымлівае дзеянні Расіі ў суседняй краіне.

Сілавікі затрымалі 53-гадовага мінчука за каментары ў «экстрэмісцкім» чаце. Як піша МУС, супраць жыхара сталіцы распачалі крымінальныя справы за распальванне сацыяльнай варожасці і за замах на забойства супрацоўніка ўнутраных спраў.

З затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што ў мінулым годзе пакінуў у «экстрэмісцкім» чаце каментар, у якім былі заклікі да «знішчэння камандзіраў АМАП, ГУБАЗіК і міліцыянтаў». Пры затрыманні ён нібыта адбіваўся ад міліцыянтаў сякерай

Адваката Уладзіміра Ангельскага арыштавалі на 14 сутак за супраціў міліцыі. Яго затрымалі ў Мінску яшчэ 31 жніўня.

Журналіста-палітвязня Андрэя Кузнечыкаэтапавалі ў наваполацкую калонію.

Сацыёлаг Таццяна Вадалажскаячакае накіравання на «хімію» — яе апеляцыйная скарга, чакана, была безвыніковай.