Адваката Уладзіміра Ангельскага пасадзілі на суткі, а Юлію Юргілевіч перавялі ў СІЗА

Адваката Уладзіміра Ангельскага арыштавалі на 14 сутак за супраціў міліцыі. Сведка-міліцыянт блытаўся ў паказаннях, але на рашэнне суддзі гэта не паўплывала.

Сёння, 2 верасня, у судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы адваката Уладзіміра Ангельскага. Яго затрымалі ў Мінску яшчэ 31 жніўня.

У Маскоўскім РУУСе на адваката склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП за нібыта непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.

Праваабаронцы паведамілі, што суддзя Юрый Машкетаў пачаў разгляд справы яшчэ ўчора — 1 верасня. На судзе дапыталі і сведку-міліцыянта, які блытаўся ў паказаннях.

У выніку Уладзіміра ўсё адно прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыянту і арыштавалі на 14 сутак.

Ангельскі — адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро «РЕВЕРА», а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро «Брагінец і Партнёры». Цяпер адвакат Віталь Брагінец — у СІЗА і прызнаны палітычным зняволеным.

Вось такая сітуацыя ў беларускай адвакатуры

Таксама стала вядома, што затрыманую ў Гродне адвакатку Юлію Юргілевіч перавялі ў СІЗА — яна не выйдзе на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання.

Юлію Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў, абараняла ў судзе палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага.

23 лютага 2022 года Юлію Юргілевіч выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Тады ж, у лютым, адвакатка з'ехала з Беларусі, але цяпер вярнулася.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: