Таццяна Вадалажская чакае накіравання на «хімію» — прысуд пакінулі без змен
Таццяна Вадалажская распавяла, што пасля апеляцыйнага суда прысуд ёй, чакана, застаўся без змен.

Экспертка аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта» Таццяна Вадалажская распавяла «Радыё Р*цыя», што цяпер яна знаходзіцца ў чаканні накіравання на «хімію»:
— Быў апеляцыйны суд па скарзе. Зразумела, што ўсё засталося так, як і было, яна не задаволеная, гэтая скарга. Мая справа рухаецца далей, я зараз чакаю, калі мне прыйдзе позва ў папраўчую інспекцыю. Чакаю таго, што называюць «хіміяй», там абмежаванне свабоды з працаўладкаваннем.

Таццяна Вадалажская — паплечніца філосафа, палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, каардынатарка «Лятучага ўніверсітэта», сябра Каардынацыйнай рады. У жніўні 2021-га яе затрымлівалі адначасова з Мацкевічам, аднак выпусцілі на волю праз 10 дзён. Вадалажская заставалася ў статусе падазраванай, хадзіла на допыты. У лютым 2022-га яе зноў затрымалі і ўзялі пад варту.
Як пісаў «НЧ», 7 чэрвеня суддзя Алег Каляда вынес Таццяне Вадалажскай прысуд — 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Гэта столькі, колькі і прасіў дзяржабвінаваўца.