Каардынатарку «Лятучага ўніверсітэту» Таццяну Вадалажскую асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі»
У судзе Заводскага раёна Мінска быў вынесены прысуд палітзняволенай Таццяне Вадалажскай, якую абвінавачвалі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Падчас судовага пасяджэння Таццяна ўтрымлівалася ў
кайданках, адзначаюць праваабаронцы.
Суддзя Алег Каляда прысудзіў Вадалажскай абмежаванне волі ва
ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады. Менавіта такі тэрмін
раней і запрасіла дзяржабвінавачванне. Таццяну вызвалілі ў залі суда.
Таццяна Вадалажская — паплечніца філосафа, палітвязня Уладзіміра Мацкевіча, каардынатарка Лятучага ўніверсітэта, сябра Каардынацыйнай рады. У жніўні 2021-га яе затрымлівалі адначасова з Мацкевічам, аднак выпусцілі на волю праз 10 дзён. Вадалажская заставалася ў статусе падазраванай, хадзіла на допыты. У лютым 22-га яе зноў затрымалі і ўзялі пад варту.