«ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» збіраюцца прызнаць «экстрэмісцкай арганізацыяй»
«ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» збіраюцца прызнаць у Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй». А гэта азначае забарону дзейнасці кампаніі і яе ліквідацыю. Пра гэта піша ў Facebook адзін з заснавальнікаў Кірыл Валошын. Папярэдняе слуханне пройдзе 8 чэрвеня ў Эканамічным судзе Мінска ў закрытым рэжыме. У Валошына няма сумненняў, якое рашэнне ў выніку прымуць.
У пачатку
2022 года стала вядома, што «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» выключылі з Парка высокіх
тэхналогій.
У траўні
2021-га супраць службовых асоб і журналістаў партала TUT.by распачалі
крымінальную справу. Спачатку іх абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Тады ж «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» пазбавілі льготаў ПВТ. Сам партал быў знішчаны
сілавікамі, якія канфіскавалі серверы. У жніўні мінулага года яго матэрыялы (а
таксама сацсетак) прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Агулам па «справе TUT.by» вясной 2021 года былі затрыманыя 15 чалавек. Большасці з іх сёлета змянілі меру стрымання, а менеджарка праекта
TAM.ВY, дырэктарка RocketData Дар'я Данілава была асуджана за «арганізацыю
групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і выйшла на
волю, з'ехала за мяжу. За кратамі застаюцца былая гендырэктарка TUT.BY Людміла
Чэкіна, былая галоўная рэдактарка Марына Золатава, журналістка Алена Талкачова.
Усе яны — палітзняволеныя.
Паводле «Еўрарадыё».