Пракурор патрабуе 2,5 гады «хіміі» для Аксаны Колб. У судзе абвешчаны перапынак (абноўлена)
7 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў 10.30 пачаўся разгляд крымінальнай справы палітзняволенай рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб. Што вядома на гэты момант.
Аксане Колб ставіцца ў віну ўдзел у маршы пратэсту 16 жніўня 2020 года. Рэдактарка «Новага Часу» віну прызнала.
Пасля допыту абвінавачанай пачаўся разгляд пазову «Мінсктранса» на суму 5980 рублёў 11 капеек. Аксана Колб часткова прызнае пазоў, таму што на праезджай частцы знаходзілася літаральна некалькі хвілінаў.
Пачаўся разгляд пратаколу следчых дзеянняў і пісьмовых доказаў. Ён будзе праходзіць у закрытым фармаце.
На суд не пусцілі прадстаўнікоў амбасадаў Швецыі, Чэхіі і Германіі, яны вымушаны былі з'ехаць.
Аксана на судзе выглядала вельмі добра: усміхалася, трымалася ўпэўнена. Маладзенькі пракурор гаварыў быццам з кашаю ў роце — хутка, спахопліва, насцярожана. Суддзя, крыху старэйшы за пракурора, далучаўся да пытанняў абвінаваўцы і пашыраў думкі свайго калегі, якія той быў не здольны сфармуляваць.
Асноўны доказ абвінавачання — фатаграфія Аксаны з вялізным бел-чырвона-белым сцягам, што было на праспекце. Пазоў Мінсктрансу амаль пад 6 тысяч рублёў быў аплачаны.
У судзе абвясцілі перапынак да 14.00, пасля перапынку пачаліся спрэчкі бакоў.
У хадзе спрэчак пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэнне і запатрабаваў для Аксаны Колб 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія з накіраваннем»). Пасля гэтага ў судзе быў абвешчаны перапынак да 15 чэрвеня.
Імаверна, 15 чэрвеня ў судзе выступіць абарона, потым — апошняе слова Аксаны Колб, і пасля гэтага суддзя пойдзе ў дарадчы пакой для вынясення прысуду.