Былы палітвязень Ціхан Клюкач сышоў з палка Каліноўскага. Дапоўнена: каментар палка Каліноўскага
Былы палітвязень Ціхан Клюкач у траўні з'ехаў з Беларусі пасля адбыцця тэрміну і заявіў, што далучаецца да палка Каліноўскага. Але ўжо сёння стала вядома, што Ціхан пакідае полк, бо не збіраецца «трываць неадэкватныя дзеянні». Аб гэтым Ціхан напісаў у фэйсбуку. «НН» прыводзіць яго схаваны пост.
![277765012_116294271017948_794592254842683171_n.jpg 277765012_116294271017948_794592254842683171_n.jpg](/img/v1/images/277765012_116294271017948_794592254842683171_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Па-першае, усіх падрабязнасцяў па зразумелых прычынах
раскрываць не магу. Па-другое, адразу скажу, што прэтэнзій ні да большасці
камандавання, ні да хлопцаў не маю. Справа ў адным чалавеку, у нанесенай абразе
і спробе прасунуць у палку армейшчыну ў найгоршым разуменні гэтага слова. З
боку гэтага чалавека.
Я пайшоў на прынцып. І я не збіраюся трываць неадэкватныя
дзеянні ў дачыненні да мяне, з чыйго б боку яны не зыходзілі, у ваенны час або
ў мірны, усё роўна. Мне неадэквату за паўтара года турмы і зоны хапіла. Калі
выбіраць паміж падначаленнем незразумела каму, з хворай фантазіяй і галавой
наогул, і асабістай маёй годнасцю, то я выбіраю годнасць. І прынцып.
Страх або баязлівасць да гэтай сітуацыі дачынення не маюць.
Папракаць мяне баязлівасцю, прабачце, смешна, пасля прыгод у беларускай
пенітэнцыярнай сістэме ніякая смерць ужо не страшная», — напісаў Ціхан.
Па просьбе выдання MOST прадстаўнікі палка Каліноўскага пракаментавалі сітуацыю.
— Баец знаходзіўся ў вучэбнай роце. Заступіў на дзяжурства па базе. Здзейсніў самастрэл у бок жылых кварталаў падчас нясення службы, што з’яўляецца правінай. Камандзір прызначыў яму адэкватнае пакаранне (дзень хадзіць у бронекамізэльцы), той адмовіўся. Не маем часу для заспакаення тонкай душэўнай арганізацыі кожнага байца, — расказалі ў палку.
Нагадаем, Ціхана Клюкача затрымалі ў кастрычніку 2020 года. Яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт.368 КК) і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342). Паводле абвінавачання, 6 верасня ён і палітзняволеная Сафія Малашэвіч удзельнічалі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. Сафія балончыкам з фарбай малявала на шчытах сістэмы «Рубеж», а Ціхан здымаў гэта на відэа, а потым здымаў, як яна танчыць. Ціхан атрымаў 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Сафія — 2 гады.