«Людзі маюць права на мірны пратэст». Апошняе слова ў судзе Таццяны Вадалажскай
Сёння адбыўся суд над сацыёлагам, каардынатарам «Лятучага ўніверсітэта» Таццянай Вадалажскай. Яна асуджана на 2,5 года «хіміі» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Фота Паўла Хадзінскага
Яна выступіла ў судзе з наступным апошнім словам.
«Артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантаванае
права грамадзян на свабоднае выказванне свайго меркавання і перакананняў. Таксама гарантавана, што ніхто не
можа прымусіць чалавека адмовіцца ад яго думкі і перакананняў. І я думаю, што
мае дзеянні 25 кастрычніка 2020 года адпавядалі менавіта гэтаму артыкулу
Канстытуцыі, і я такім чынам выказвала сваё стаўленне да сітуацыі — выказвала
сваю грамадзянскую пазіцыю.
Нягледзячы
на тое, што гэта грамадскае мерапрыемства не было ўзгоднена, я думаю, што ў выключных
выпадках, калі меркаванне і пазіцыя грамадзян ігнаруецца, калі ў іх няма іншай
магчымасці, яны маюць права на мірны сход і мірны пратэст.
Усё, што мы
бачылі, усё, што бачыла я падчас гэтага маршу, і тое, што мы можам прачытаць у
сродках масавай інфармацыі і ў матэрыялах справы, кажа пра тое, што гэты
пратэст сапраўды быў мірным, не было ніякіх дэструктыўных дзеянняў.
У маіх
дзеяннях таксама не было ніякай дэструкцыі, ніякай накіраванасці на разбурэнні,
а хутчэй наадварот — жаданне перавесці той палітычны канфлікт і тыя палітычныя
супярэчнасці, якія ёсць у грамадстве, у цывілізаванае рэчышча, у рэчышча
перамоваў і павагі меркавання ўсіх грамадзян.
І я глыбока
ўпэўнена ў тым, што спакой і грамадскі парадак будуецца толькі на тым, што
паважаецца меркаванне ўсіх грамадзян, паважаюцца ўсе палітычныя погляды, і рух
у будучыню вызначаецца дыялогам, хай вострымі, але дыскусіямі, але не арыштамі
або прымяненнем гвалту.
Я спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні ў Беларусі мы будзем вырашаць менавіта такім шляхам усе нашы пытанні», — цытуе Таццяну Вадалажскую «НН».