Больш за 600 некамерцыйных арганізацый у Беларусі знаходзяцца ў стане ліквідацыі

Праваабарончая арганізацыя «Lawtrend» у аглядзе за жнівень 2022 года паведамляе пра тое, што на дадзены момант 602 беларускія НКА ліквідуюцца, прычым у амаль чатырох соцень з іх гэты працэс запушчаны самастойна.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Грамадскую супольнасць Беларусі з 2020 года пазбавілі каля тысячы недзяржаўных арганізацый розных форм — такая інфармацыя змешчаная ў аглядзе «Lawtrend» за жнівень. З іх 602 яшчэ знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, прычым 363 арганізацыі праз ціск з боку ўладаў пачалі гэты працэс самастойна.
Многія НКА не могуць завяршыць працэс ліквідацыі праз тое, што дакументы, неабходныя для гэтага, вынятыя сілавымі структурамі, чальцы і кіраўнікі многіх арганізацый былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі — і таму НКА няма каму прадстаўляць, а ў некаторых выпадках, паведамляюць праваабаронцы, у гэтым вінаватае недасканалае заканадаўства, якое ўсё больш легалізуе рэпрэсіі.