Блакітна-жоўтыя сцяжкі, украінскія песні. За што рэпрэсавалі беларусаў у жніўні

Праваабаронцы зрабілі справаздачу палітычнага пераследу беларусаў у апошнім месяцы лета.

1639202831_1521099531_0_182_2995_1867_600x0_80_0_0_24202ea9eaabae5dbad25fd80d4d76ee.jpg

Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць па адміністрацыйных артыкулах беларусаў, якія актыўна выказваюць сваю незадаволенасць дзеяннямі ўлады, а таксама ўдзельнічаюць у антываенных акцыях пратэсту. Сілавікі ладзяць «рэйды» ў рэгіёнах і адпраўляюць за краты мясцовых жыхароў за падпіскі на «экстрэмісцкія каналы». Таксама арыштантаў працягваюць перазатрымліваць пасля вызвалення па новых пратаколах і ўтрымліваюць іх у нечалавечых умовах некалькі месяцаў запар.

Паводле даных праваабаронцаў, у жніўні беларускія суды разглядзелі мінімум 162 адміністрацыйныя справы. Пры гэтым 114 з іх — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома пра 43 арышты і 33 штрафы. Акрамя гэтага, вядома пра не менш за 33 канфіскаваныя тэлефоны ў якасці «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння».

А што ў спісе самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў жніўні?

Масавы адміністрацыйны пераслед у рэгіёнах

У Баранавічах амаль штодзённа праходзяць ператрусы, затрыманні і суды па палітычных матывах. У мінулым месяцы прайшлі суды мінімум над 12 арыштаванымі. Большасць з іх былі аштрафаваныя па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Але Віталя Корсака адправілі за краты за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі» (арт. 24.3 КаАП). Згодна з пратаколам, ён адмовіўся адчыніць дзверы супрацоўнікам шостага ўпраўлення брэсцкага ГУБАЗіКу. У выніку мужчыну пакаралі 5-сутачным арыштам.

Таксама ў Баранавічах 9 жніўня супрацоўнікі АМАПу затрымалі «афганца» Генадзя Борыса. Яму прызначылі 800 рублёў штрафу за тое, што ён «ацаніў публікацыю з «экстрэмісцкай» інтэрнэт-старонкі, чым распаўсюдзіў яе інфармацыйную прадукцыю».

Таксама хваля рэпрэсій прайшла і ў Пінску. Пачалося гэта 2 жніўня і доўжылася цягам усяго месяца. У выніку пасля ператрусаў было затрымана і асуджана не менш за 14 чалавек. З іх 11 чалавек кінулі за краты, яшчэ траіх аштрафавалі. Пінчукоў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «непадпарадкаванне міліцыянтам» і «несанкцыянаванае пікетаванне».

Тых затрыманых, хто нібыта перашкаджаў сілавікам праводзіць ператрусы і не адчынялі дзверы, пакаралі 10-сутачнымі арыштамі. Згодна з матэрыяламі справы Аляксея Рамасюка, сілавікі ўжывалі супраць яго фізічную сілу і надзелі кайданкі з-за адмовы сесці ў службовы аўтамабіль. Але сам арыштант на судзе сцвярджаў, што ў машыну яго вялі «ластаўкай», ён не ўпіраўся і не аказваў аніякага непадпарадкавання.

Вядома, што ў «рэйдзе» 12 жніўня прымалі ўдзел першы і другі аддзелы кіравання аператыўна-вышуковай дзейнасці вайсковай часткі 1235 (Пінскі памежны атрад). Ператрусы былі санкцыянаваныя намеснікам Пінскага міжраённага пракурора.

Так, аднаго пінчука адбвінавацілі ў тым, што ён спачатку не адчыніў дзверы ў кватэру, а праз некалькі гадзін спрабаваў збегчы ад сілавікоў. Па словах сведкі-міліцыянта, каля 15:45 яны атрымалі звесткі пра тое, што мужчына ўвайшоў у сваю кватэру, пасля гэтага яны неадкладна выбылі па адрасе. Па прыбыцці ім пацвердзілі, што ён не пакідаў сваёй кватэры. Але цягам дзвюх гадзінаў дзверы ім не адчынілі. Тады яны вырашылі ў двары дома весці назіранне за пад'ездам. Каля 22:00 гадзін з пад'езда выйшаў пінчук разам з сябрам і накіраваліся на аўтамабільную стаянку. Міліцыянты выбеглі з машыны, але мужчыны спужаліся і спрабавалі ўцячы.

У выніку пінчук заскочыў у машыну і зачыніў дзверы. Але сілавік усё ж такі адчыніў іх, пасля чаго мужчына выйшаў з машыны.

Сам затрыманы на судзе растлумачыў, што ў гэтай кватэры ён фактычна яшчэ не жыў і ніхто не ведае гэты адрас, таму, калі невядомыя пачалі грукацца ў дзверы, ён спалохаўся і не адчыніў. Ён дачакаўся пакуль каля дзвяры будзе ціха і вырашыў ехаць дадому. Каля пад’езда сустрэў знаёмага і папрасіў падвезці дадому. Ён ужо садзіўся ў машыну, калі пабачыў невядомых, але «рэфлекторна зачыніў дзверы». Калі міліцыянт паказаў пасведчанне, пінчук адразу выйшаў з машыны.

Але суд прыйшоў да высновы, што мужчына вінаваты ў «непадпарадкаванні міліцыянтам» і арыштаваў яго на 10 сутак.

Акрамя гэтага, пінскага правабаронцу Алеся Рамановіча пасля затрымання пазбавілі апякунства над хворым братам.

«Камісія прыехала дадому, калі я быў у ІЧУ. Знайшлі, што я не знаходжуся з братам, гэта стала падставай для таго, каб вынесці на разгляд пытанне пазбаўлення апякунства», — паведаміў Рамановіч.

Паводле яго слоў, 6 жніўня ён атрымаў ліст з паведамленнем, што рашэнне аб пазбаўленні яго права на апякунства прынятае.

Наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава ў жніўні адправіла за краты чатырох чалавек, аднаго з якіх — двойчы.

Так, наваполацкаму актывісту Андрэю Галавырыну суддзя прызначыла агулам 75 сутак арышту. 15 жніўня Балаболава ў пяты раз пакарала яго 15-сутачным арыштам.

Нагадаем, Андрэя затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі суды за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП) і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

Яшчэ двух мясцовых жыхароў асудзілі за «пікетаванне» ўкраінскім сцягам на аватарках у фэйсбуку. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 24.23 КаАП і арыштавалі на 15 сутак.

Адправілі за краты за чахол з «Пагоняй»

У Ваўкавыску 1 жніўня асудзілі мужчыну адразу па двух пратаколах — арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Падставай для пратаколаў сталі фотаздымкі з «экстрэмісцкімі» лагатыпамі, а таксама чахол з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым фоне. Вынік — 15 сутак.

Суткі за дэманстрацыю пашпарту з БЧБ-налепкай супрацоўнікам АМАПу

У Мінску 8 жніўня каля 00:10 да хлопца падыйшлі супрацоўнікі АМАПу і запатрабавалі паказаць ім свае дакументы. Ён даў ім пашпарт, на якім была размешчана бел-чырвона-белая налепка — гэта стала прычынай затрымання. У пратаколе міліцыянты Ленінскага РУУСа пазначылі, што хлопец правёў пікетаванне перад «неабмежаваным колам асобаў». Амапаўцы ў рапартах адзначылі, што былі сведкамі таго, як затрыманы дэманстраваў мінакам налепку на пашпарце, падняўшы руку ўверх. Але, па словах хлопца, ніхто акрамя амапаўцаў пашпарт у тую ноч не бачыў. Хлопца асудзілі на 15 сутак арышту.

Арышт за антываенныя лозунгі

Яшчэ аднаго мінчука затрымалі 12 жніўня за лозунгі «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне» наўпрост пасярод вуліцы. У РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, бо міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне». Нібыта ён «сваім удзелам публічна выказваў сваю нязгоду з дзейнай уладай па факце аказання судзеяння пры правядзенні спецыяльнай вайсковай аперацыі Расіі на тэрыторыі Украіны». Затрыманы з гэтым пагадзіўся. Вынікам стаў арышт тэрмінам на 12 сутак.

Тату-майстра Алега Фалея перазатрымалі пасля вызвалення і зноў закінулі за краты

У канцы ліпеня ў Мінску быў затрыманы тату-майстар Алег Фалей. На «пакаяльным відэа», якое з’явілася на праўладных тэлеграм-каналах, ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведаў адзін з пратэсных маршаў, пасля якога ў пад'ездзе пакінуў надпіс «Жыве Беларусь». 19 ліпеня Алега арыштавалі на 15 сутак. На пачатку жніўня ён выйшаў на волю, але праз дзень яго выклікалі на «прафілактычную гутарку». У Маскоўскім РУУСе на яго склалі новы пратакол паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Нібыта ён «гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, а на заўвагі не рэагаваў». Алег не прызнаў сваю віну ні на першым судзе, ні на другім. У выніку суддзя Таццяна Мотыль арыштавала Фалея на чарговыя 15 сутак.

Штрафы за «пікетаванне» на беларускай мяжы

У сярэдзіне жніўня ў судзе Ленінскага раёна Брэста разглядзелі дзве адміністрацыйныя справы па арт. 24.23 КаАП. Мужчынам ставілася ў віну пікетаванне ў пункце пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы. Падставай для пратаколаў сталі бел-чырвона-белыя вымпелы на шкле аўтамабіляў. Суд прызначыў кіроўцам-міжнароднікам штрафы ў памеры 30 базавых велічыняў (960 рублёў).

Байкера арыштавалі за дзве налепкі на матацыкле

У судзе Партызанскага раёна Мінска 8 жніўня арыштавалі байкера паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Прычына — бел-чырвона-белая і блакітна-жоўтая налепкі на матацыкле. Суд арыштаваў мужчыну на 15 сутак.

Архітэктара і музыку адправілі на «суткі» за рэпост відэа пра раследаванне забойства Рамана Бандарэнкі

34-гадовага архітэктара і музыку Аляксандра Кухарэнку затрымалі 2 жніўня ў Мінску. Падставай стаў рэпост у «Вконтакте» відэа з youtube-канала «B*Pol» з назвай «Роман Бондаренко. Генпрокуратура скрывает исполнителей убийства». У пратаколе пазначана, што рэпост быў выяўлены падчас праверкі інфармацыі пасля паведамлення пра гэта з ГУБАЗіКу.

Справу мужчыны разгледзелі 4 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Аляксандр на судзе прызнаў сваю віну і пацвердзіў, што ў верасні 2021 года размясціў спасылку на «B*Pol» і не выдаліў яе пасля таго, як канал прызналі «экстрэмісцкім».

У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала Кухарэнку вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арыштавала яго на 10 сутак.

Былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса арыштавалі на 15 сутак

8 жніўня затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса і ягоную жонку — іх з машыны выцягнулі сілавікі. Пасля гэтага дома ў Букасаў прайшоў ператрус. Жонку Антоля пазней вызвалілі, а яго пакінулі за кратамі да суда.

10 жніўня над рэдактарам прайшоў суд у памяшканні Барысаўскага РАУС. На разгляд справы не дапусцілі нават жонку журналіста. У выніку Анатоля арыштавалі на 15 сутак.

Падчас затрымання ад сілавікоў гучалі абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, таму, меркавана, яго судзілі па арт. 19.11 КаАП.

Музыка Ігар Банцар атрымаў 30 сутак арышту запар

22 жніўня ў Цэнтральным судзе горада Мінска прайшоў другі судовы працэс над Ігарам Банцарам па артыкуле 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Яму зноў прысудзілі 15 сутак арышту.

Банцар мусіў вызваліцца 19 жніўня пасля пятнаццаці сутак арышту. Але на волю ён так і не выйшаў. Стала вядома, што яго перазатрымалі ў дзень вызвалення па новай адміністрацыйнай справе.

Арышт за выкананне песні ўкраінскага гурта «Океан Эльзи»

Спявачку Мэрыем Герасіменку затрымалі пасля вулічнага канцэрта на тэрасе бара «Банки-Бутылки», дзе яна, сярод іншых кампазіцый, выканала песню «Обійми» ўкраінскага гурта «Океан Эльзи». Пазней у судзе Цэнтральнага раёна Мінска ёй прызначылі 15 сутак арышту, супрацоўніку «Банки-Бутылки», дзе адбыўся канцэрт — 14, а ўладальніку бара Андрэю Жуку — 30. 10 жніўня ў Мэрыем адбыўся другі суд. Яе асудзілі па «народным» артыкуле 24.23 КаАП («Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства»).