10-гадовую дачку затрыманай керамісткі Наталлі Карнеевай могуць забраць у дзіцячы дом (абноўлена)

10-гадовую Багдану, дачку затрыманай керамісткі Наталлі Карнеевай, могуць перавесці ў дзіцячы дом. Пра гэта паведамілі знаёмыя сям'і. Пакуль дзяўчынка знаходзіцца ў прытулку.

33035541_1588740521221415_8825049622998155264_n.jpg

Раней апеку над Багданай спрабавала афарміць сваячка Наталлі, у якой ёсць жылплошча і дастатковы даход. Потым апекавацца над дзяўчынкай таксама пажадалі брат мінскай керамісткі і былы муж.

Але, як адзначаюць знаёмыя сям'і, ніхто з іх цалкам не адпавядае дзяржаўным крытэрам. Трэба, каб у апекуна было кроўнае сваяцтва з дзіцем, жылплошча і дастатковыя «метры» для малечы і даведка аб зарплаце за апошнія шэсць месяцаў.

Пакуль Багдана застаецца ў прытулку. Яе нельга браць на выходныя, толькі наведваць па дазволе адміністрацыі.

Знаёмыя Наталлі Карнеевай кажуць, што калі апекуна з прапанаваных варыянтаў не прызначаць, то Багдана патрапіць у дзіцячы дом.

44-гадовую Наталлю Карнееву і яе мужа затрымалі на мінулым тыдні. Цяпер жанчына знаходзіцца на Акрэсціна. Папярэдне, яе вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе (арт. 342 КК).

UPD. Стала вядома, мужа Наталлі выпусцілі на волю.