Даклад праваабаронцаў: Расія прымусова дэпартуе ўкраінцаў

Праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» апублікавала даклад «У нас не было выбару: фільтрацыя і злачынствы гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх грамадзянскіх асоб у Расію».


Расійскія ўзброеныя сілы і падкантрольныя ім так званыя «самаабвешчаныя рэспублікі» на ўсходзе Украіны займаюцца дэпартацыяй украінцаў, уключаючы тых, хто ратуецца ад вайны, у Расійскую Федэрацыю або на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 1 верасня дакладзе праваабарончай арганізацыі «Human Rights Watch», паведамляе тэлеканал «Euronews».

Даклад называецца «У нас не было выбару: фільтрацыя і злачынствы гвалтоўнага перамяшчэння ўкраінскіх грамадзянскіх асоб у Расію». У ім дакументальна пацвярджаецца факт перамяшчэння ўкраінскіх грамадзянскіх асоб, што з'яўляецца сур'ёзным парушэннем законаў вайны і ўяўляе з сябе ваеннае злачынства, а магчыма, і злачынства супраць чалавечнасці. Расійскія і падкантрольныя Расіі ўлады таксама падвергнулі тысячы ўкраінцаў прымусовай, карнай і жорсткай форме праверкі пры перамяшчэнні, што заўсёды апраўдваецца імі як «меркаванні бяспекі». Такая праверка і з'яўляецца «фільтрацыяй».

«Немагчыма не пакідаць ўкраінцам іншага выбару, акрамя як ехаць [на ўсход] у Расію, — заявіла прадстаўніца «Human Rights Watch» і сааўтарка даклада Белкіс Віле. — Ніхто не павінен гвалтоўна праходзіць жорсткі працэс праверкі для таго, каб патрапіць у бяспечную зону».

Фільтрацыя і гвалтоўная дэпартацыя

Даследчыкі «Human Rights Watch» сабралі сведчанні 54 чалавек, сярод якіх некаторыя з'ехалі ў Расію, прайшоўшы праз фільтрацыю, у іншых прымусоваму дагляду падвергнуліся члены сям'і ці сябры, а некаторыя апытаныя дапамагалі ўкраінцам, якія спрабавалі пакінуць Расію. Большасць з апытаных беглі з Марыупальскага раёна, а некалькі чалавек прыехалі з Харкаўскай вобласці. У апытанні таксама ўзялі ўдзел дзясяткі грамадзянскіх асоб з Марыупаля, якія змаглі выбрацца з зоны баявых дзеянняў на падкантрольную Украіне тэрыторыю, пры гэтым не праходзячы фільтрацыю.

Па выніках гэтага апытання «Human Rights Watch» у ліпені накіравала расійскаму ўраду ліст са сваімі высновамі і пытаннямі. Ліст застаўся без адказу.

Расійскія чыноўнікі арганізавалі транспарт для людзей, якія бягуць з заблакаванага Марыупаля. Некаторым грамадзянам Украіны яны гаварылі, што ў тых няма іншага выбару, акрамя як заставацца на акупаваных тэрыторыях або пераехаць у Расію. Людзей інфармавалі, што ім варта «забыць» пра пераезд на падкантрольную Украіне тэрыторыю. «Вядома, мы б скарысталіся магчымасцю з'ехаць ва Украіну, калі б маглі, без сумневу, — расказала жанчына, дэпартаваная з захопленага Марыупаля. — Але ў нас не было выбару, не было магчымасці туды з'ехаць».
Іншыя апытаныя гаварылі, што вайскоўцы або супрацоўнікі самаабвешчаных адміністрацый на блокпастах накіроўвалі ўкраінцаў у Расію ці ў так званую «ДНР» — тэрыторыю усходняй Украіны, акупаваную Расіяй. Тое ж чулі і ад вайскоўцаў, якія праводзілі аблавы на грамадзянскіх асоб на акупаваных тэрыторыях. Людзі, у якіх заставаліся нейкія грошы, змаглі самастойна арганізаваць свой пераезд у падкантрольныя Украіне раёны.

«Не з'едзеш у Расію — будзеш пакараны»

Жыхары некаторых вёсак на усходзе Харкаўскай вобласці таксама былі гвалтоўна вывезеныя ў Расію. Адзін пажылы мужчына з вёскі Руская Лазавая расказаў, што расійскія вайскоўцы сказалі яму: «Ты жыў тут пры нас, і таму, калі сюды прыйдзе ўкраінская армія, яны цябе пакараюць. Ты будзеш пакараны!». Ён не здаўся і не з'ехаў на ўсход, але сотні сем'яў з яго вёскі ўсё ж з'ехалі ў Расію.

Некаторыя апытаныя адзначылі, што паехалі ў Расію добраахвотна, выбраўшы гэты шлях у якасці транзітнага маршруту, каб у далейшым трапіць у краіны Еўрасаюза. Дарога праз Расію, як ім здавалася, дапаможа пазбегнуць абмежаванняў на перамяшчэнне.

Агульная колькасць украінцаў, вывезеных у Расію, застаецца невядомай. Многія з іх былі перамешчаныя альбо гвалтоўна, альбо ў такіх умовах, якія робяць падобную дэпартацыю незаконнай, адзначаецца ў дакладзе «Human Rights Watch». У сярэдзіне жніўня расійскія крыніцы паведамілі, што амаль 3,5 мільёны украінцаў заехалі ў Расійскую Федэрацыю з Украіны, уключаючы 555 тысяч дзяцей.

Ад'езд у Расію. Што далей?

У многіх выпадках тыя, хто меў доступ да смартфонаў і сацыяльных сетак, змаглі звязацца з актывістамі, якія дапамаглі ім выехаць з Расіі ў Эстонію, Латвію або Грузію. Аднак пры гэтым на мяжы ў некаторых узніклі цяжкасці, паколькі яны пакінулі або страцілі свае дакументы падчас уцёкаў з Украіны.

Законы вайны забараняюць расійскім уладам прымушаць грамадзянскае насельніцтва Украіны, у індывідуальным або масавым парадку, да эвакуацыі ў Расію. Гвалтоўнае перамяшчэнне — гэта ваеннае злачынства: да такога адносіцца перамяшчэнне ў абставінах, калі чалавек згаджаецца на ад'езд толькі таму, што ён баіцца наступстваў адмовы. Такімі наступствамі, што ўяўляюць сабой пагрозу, могуць быць фізічны гвалт, прымус або ўтрыманне пад вартай. У падобных абставінах дзяржава-акупант выкарыстоўвае прымусовыя ўмовы для перамяшчэння грамадзянскіх асоб. Перамяшчэнне грамадзянскіх асоб не можа быць апраўдана гуманітарнымі меркаваннямі, калі гуманітарны крызіс, які стаў прычынай дэпартацыі, — вынік гвалтоўных дзеянняў краіны-акупанта.

Хоць у Расіі могуць быць законныя падставы для праверкі бяспекі людзей, добраахвотна жадаючых трапіць на расійскую тэрыторыю, працэс фільтрацыі — па сваіх маштабах і сістэматычным прымяненні да ўкраінцаў — з'яўляецца карным і жорсткім, не мае прававой асновы і парушае права на прыватнае жыццё, адзначаецца ў дакладзе праваабаронцаў.

Людзі, якія «не прайшлі» працэс фільтрацыі, відавочна, праз падазрэнні ў сувязях з украінскімі вайскоўцамі або нацыяналістычнымі групамі, былі затрыманыя ў кантралюемых Расіяй рэгіёнах, у тым ліку ў цэнтры ўтрымання пад вартай у Яленаўцы, дзе 29 ліпеня адбылася трагедыя і ў выніку выбуху загінулі не менш за 50 украінскіх зняволеных з Марыупаля.

Што рэкамендуе «Human Rights Watch»

Расійскія і звязаныя з Расіяй акупацыйныя ўлады павінны забяспечыць грамадзянскім асобам бяспечны праезд на падкантрольную Украіне тэрыторыю, адзначаюць у «Human Rights Watch». Людзі, якія садзяцца ў аўтобусы пры дэпартацыі з зоны ваенных дзеянняў, павінны быць цалкам інфармаваныя пра тое, куды накіроўваецца гэты транспарт, і мець магчымасць выбару, калі яны не захочуць ехаць у Расію, лічаць праваабаронцы.

Як адзначае Белкіс Віле, неабходна неадкладна спыніць «высылку людзей на акупаваныя Расіяй тэрыторыі і далей у Расію без іх згоды». Расійскія ўлады і міжнародныя арганізацыі павінны зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы тым, хто быў вывезены ў Расію супраць іх волі і захоча з'ехаць або вярнуцца дадому, каб яны маглі зрабіць гэта ва ўмовах поўнай бяспекі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: