Фільтрацыйныя лагеры і ўцёкі. Як жывуць украінцы, эвакуіраваныя ў РФ

​​​​​​​Улады Расіі заяўляюць, што вывозяць дзясяткі тысяч украінцаў, абяцаючы працу і сацвыплаты. Украіна лічыць гэта дэпартацыяй. Як на самай справе перасякаюць мяжу і жывуць украінцы ў Расіі? Матэрыял dw.com.

Аўтобус з дзецьмі, якіх вязуць з Ізюма ў Белгарад

Аўтобус з дзецьмі, якіх вязуць з Ізюма ў Белгарад

З пачатку вайны Расія вывезла на сваю тэрыторыю больш за адзін мільён чалавек з Украіны, у тым ліку з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», сярод іх як мінімум 200 тысяч дзяцей. Украіна называе гэта прымусовай дэпартацыяй і патрабуе вярнуць яе грамадзян у бяспечныя раёны краіны. Расійскія ўлады гэтыя патрабаванні ігнаруюць і рапартуюць аб забеспячэнні украінцаў жыллём, харчаваннем, разавымі сацвыплатамі па 10 тысяч рублёў.
Украіна пры гэтым настойвае, што яе грамадзянам на тэрыторыі Расіі прапануюць толькі некваліфікаваную і нізкааплатную працу. На фоне гэтага ў СМІ з'явілася інфармацыя пра перасяленне ўкраінцаў у аддаленыя рэгіёны Расіі, а таксама — пра праходжанне імі так званых «фільтрацыйных лагераў» — праверкі на лаяльнасць расійскаму рэжыму.

Фільтрацыйныя лагеры на расійскай мяжы


Максім* да пачатку вайны жыў з жонкай і трыма дзецьмі ў Марыупалі. Праз некалькі тыдняў рэгулярных абстрэлаў і жыцця ў падвале ён з сям'ёй і блізу дзвюма сотнямі іх суседзяў выйшлі на вуліцу з белым сцягам. Іх сустрэлі вайскоўцы самаабвешчанай «ДНР». Спачатку людзей, паводле яго слоў, пасялілі ў мясцовай бальніцы, а пазней перавезлі ў адну з вёсак — на мяжу з самаабвешчанай «ДНР».
«Прыехалі мы туды, зарэгістраваліся ў журнале рэгістрацыі прыбылых з Марыупаля і адразу рэгістраваліся на эвакуацыю далей. Я чуў пра фільтрацыйныя лагеры. Я не ведаю, што мелася на ўвазе пад імі, але мяне, напрыклад, праверылі на наяўнасць наколак, ці не належу я да нейкага вайсковага фарміравання, сваю гісторыю [прасілі расказаць], паглядзелі тэлефон. Гэта было яшчэ на выездзе з Марыупаля», — успамінае Максім. Пазней яго з сям'ёй адправілі ў Таганрог.
Праходжанне так званай «фільтрацыі» пацвердзілі яшчэ трое суразмоўцаў DW, вывезеныя з Украіны ва Удмуртыю, Прыморскі і Пермскі край. Яны папрасілі не публікаваць іх падрабязныя аповеды і імёны, баючыся магчымага пераследу.
Усе яны гаварылі пра адно і тое ж: фільтрацыя ўяўляе сабой кароткую размову пра палітыку, праверку цела на наяўнасць татуіровак з украінскай нацыянальнай сімволікай, праверку тэлефона. Двое з суразмоўцаў пацвердзілі, што не сутыкаліся з гвалтам у фільтрацыйным лагеры. Іншы расказаў, што быў сведкам збіцця маладога чалавека, але прычын гэтага ён не ведае.

Фільтрацыйныя лагеры ва Украіне

Раней СМІ паведамлялі, што фільтрацыйныя лагеры функцыянуюць пры вывазе ўкраінцаў на тэрыторыю РФ. Але Вольга* праходзіла фільтрацыю пры выездзе з Новай Ялты ў бок Бярдзянска. Яе сям'я — бацькі і малодшая сястра — выехала з Марыупаля на сваёй машыне ў спадзеве трапіць у бяспечныя раёны Украіны.
Да пачатку вайны Вольга вучылася ў школе. Яе бацька працаваў грузчыкам, а маці цяжка хварэла: з пачаткам вайны жанчына перастала хадзіць. Размова з Вольгай вялася са згоды яе бацькоў.
«У тым лагеры спачатку ішоў блакпост, а потым сама фільтрацыйная будка, за ёй зноў блакпост, які прапускае далей. Наша чарга падышла праз два дні і дзве поўныя ночы, ужо аб 11-й вечара машыну запусцілі апошняй. Праверылі ўсё што можна было, кожную кішэню і кожную сумку. Фільтрацыя пачынаецца з 14 гадоў, маёй сястры 12, таму яна не пайшла на фільтрацыю. Мама тады яшчэ не хадзіла, яе пакінулі ў машыне разам з сястрой. Мы з татам пайшлі ўдваіх», — успамінае Вольга.
Паводле слоў дзяўчыны, фільтрацыйная будка была падзеленая на два кабінеты: у адным знаходзілася яна, у іншым — яе бацька. У Вольгі ўзялі адбіткі пальцаў, адсканавалі дакументы і праверылі тэлефон. Што адбывалася ў суседнім памяшканні з яе бацькам, яна не чула. Іх адпусцілі з розніцай у некалькі хвілін. Пазней яе бацька распавёў сям'і, што пры праверцы тэлефона яго ўдарылі па галаве. Пасля мужчыну, паводле слоў яго дачкі, дыягнаставалі атрафію вочных нерваў.
«Яшчэ калі мы стаялі ў чарзе на фільтрацыю ў "ДНРаўцаў" была вячэра. Вядома, мы слухалі іх размовы. Яны абмяркоўвалі, што маглі рабіць з людзьмі, якія не прайшлі фільтрацыю. Адзін сказаў, што забіў на месцы 10 чалавек, а далей не лічыў. Без чаргі завозіліся аўтобусы з гэтымі людзьмі. Перад намі на фільтрацыю ўвайшлі мужчына з жанчынай, я так зразумела муж з жонкай. Выйшаў гэты мужчына адзін. Яго жонку не адпусцілі, яна не прайшла. Яму сказалі ісці далей, і ўсё», — успамінае Вольга.
Калі дзяўчына ўпершыню расказала пра перажытае ў сацсетках, на яе абрынуўся паток абраз і крытыкі. «Мы атрымлівалі пагрозы нават на канкрэтныя адрасы», — кажа яна. Сёння яе сям'я не раскрывае месца свайго знаходжання. Яе бацька і маці праходзяць лячэнне і паралельна чакаюць афармлення дакументаў для атрымання фінансавай дапамогі.

Вываз ўкраінцаў з Расіі ў Еўропу

Як заяўлялі расійскія ўлады, вываз украінцаў праводзіцца сумесна з МУС, МНС, МЗС, ФСБ, Міністэрствам аховы здароўя, Мінпрацы, Мінтрансам, Расспажыўнаглядам. У рэгіёнах «створаны сотні пунктаў часовага размяшчэння грамадзян у гасцініцах, пансіянатах, аэрапортах, чыгуначных і аўтобусных вакзалах».
Да працы ў такіх пунктах прыцягваюць валанцёраў «Адзінай Расіі» і добраахвотнікаў. Акрамя іх, дапамогай украінцам займаюцца так званыя «неафіцыйныя» валанцёры. Як правіла, яны дапамагаюць ім пакінуць тэрыторыю Расіі. У іх Telegram-чатах на сёння больш за 11 тысяч удзельнікаў. DW пагаварылі з каардынатарам аднаго з іх. Суразмоўца папрасіў не называць яго імя з меркаванняў бяспекі.
«Ёсць людзі, якія прымаюць рашэнне застацца ў Расіі, і гэта іх рашэнне. Тады пачынаецца доўгае ўзаемадзеянне з усімі дзяржаўнымі органамі. Калі людзі хочуць з'ехаць, яны з'язджаюць як мага хутчэй. Чым горшы набор дакументаў, тым складаней выехаць. Сітуацыя рэгламентуецца нелінейным чынам, але пакуль ёсць магчымасць выехаць па ўнутраных украінскіх і нават пратэрмінаваных дакументах», — расказвае каардынатар аднаго з чатаў дапамогі.
У некаторых выпадках, паводле слоў суразмоўцы DW, процідзейнічаць ад'езду могуць у пунктах часовага размяшчэння. Раней сталая прадстаўніца Украіны ў Крыме Таміла Ташава заяўляла, што «ва ўкраінцаў у Расіі адбіраюць пашпарты і выдаюць дакумент аб часовым прытулку, накладваючы тым самым забарону на выезд».
«У пунктах часовага размяшчэння людзям часта прапануюць аформіць адразу вялікую колькасць дакументаў. Калі людзі ўжо падалі заяву на часовы прытулак, то іх з Расіі не выпусцяць на мяжы. Ім, перш чым выязджаць, трэба напісаць адмову ад гэтага часовага прытулку. Гэта ўсё можна вырашыць. Важна сказаць, што гэта не выразна выбудаваная сістэма і многае вырашаецца на месцах», — лічыць каардынатар валанцёрскага праекта.
Гаворачы пра сітуацыю з фільтрацыйнымі лагерамі, суразмоўца DW сцвярджае, у кожным з іх розныя ўмовы і розны ўзровень гвалту. Прычынай таму — зноў-ткі, адсутнасць выразнага рэгламенту дзеянняў. «У залежнасці ад таго, дзе людзі з гэтым сутыкнуцца, гэта можа быць вельмі розны досвед — пачынаючы ад гутаркі і заканчваючы гвалтам. Мы ведаем розныя гісторыі, дрэнныя таксама», — кажа каардынатар праекта.

Ні працы, ні грошай

Суразмоўцы DW, якіх перавезлі з Украіны ў Расію, у большасці сваёй гавораць пра намер застацца ўнутры краіны. Усе яны жывуць у пунктах часовага размяшчэння, атрымліваюць трохразовае харчаванне, месяцамі чакаюць афармлення дакументаў і атрымання тых самых абяцаных 10 тысяч рублёў.
«Тут няма ніякай працы. Быццам бы адміністрацыя неяк спрабуе дапамагчы, але гэта ўсё зацягваецца. Малодшаму дзіцяці паўтара года, дзіцячае харчаванне скончылася, кашамі яго нейкімі кормім. Абутак, у якім былі ў Марыупалі, у ім і прыехалі. На мяне і абутку няма толкам, хаджу абарваны. Дзецям нейкія рэчы прынеслі, што падышло — узялі», — кажа перавезены з Марыупаля ў Таганрог Максім.
Паводле слоў каардынатара «неафіцыйных» валанцёраў, яны не вядуць статыстыку па колькасці вывезеных з Расіі украінцаў для іх уласнай бяспекі, але, тым не менш, іх лік ідзе на тысячы. «У мяне ёсць адчуванне, што гэта надоўга. Нават калі заўтра перастануць страляць, людзям усё роўна няма куды вяртацца. У іх няма дому», — кажа суразмоўца DW.
Тым часам расійскія ўлады даюць справаздачу аб выдачы сваіх пашпартоў пераселеным украінцам у акупаваным Крыме, працягваюць аблогу завода «Азоўсталь» і баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны.
*Імёны зменены з меркаванняў бяспекі.
Паводле dw.com.
Пераклад «НЧ».