Двор, які не скарыўся: у сеціве пачаў працу мультымедыйны сайт пра Плошчу Перамен

«Мы дадалі яшчэ адну цаглінку памяці ў падмурак нашай супольнай гісторыі», — напісаў у сваіх сацсетках аўтар канцэпцыі праекта пра Плошчу Перамен фатограф Яўген Атцецкі. Учора ў інтэрнэце пачаў працу сайт пра «паўстаўшы двор», рыхтуецца да прэзентацыі кніга і выставы.

ploshcha_peramen.jpg


Відэа моманту, калі нарадзілася Плошча Перамен, фатаграфіі жыцця дваровай супольнасці, якая аб’ядналася ў шчырым жаданні свабоды і павагі, успаміны жыхароў ПП, асобныя главы, прысвечаны Раману Бандарэнку і Сцяпану Латыпаву... Мультымедыйны сайт распавядае гісторыю «неверагоднага двара» ясна, моцна ды візуальна вынаходліва. Каманда выкарыстоўвае розныя сродкі, каб стварыць «аб’ёмную» гісторыю, піша REFORM.by.

Гэта — наша неацэнная візуальная спадчына беларускай рэвалюцыі, яе яскравы доказ. Сёння, праз два гады, гледзячы на фотаздымкі Яўгена Атцецкага ды іншых аўтараў, немагчыма стрымліваць слёзы. Ды і ў той жа час радавацца, што гэтыя сведчанні ў нас ёсць, і з учора — даступныя ўсяму свету.

«На прыкладзе барацьбы аднаго мінскага двара супраць несправядлівасці мы гаворым аб салідарнасці і аб недапушчальнасці канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, як гэта адбылося ў Беларусі. Гэта ўніверсальная гісторыя пра напамінанне аб важнасці закону, павагі да чалавечага жыцця, дэмакратыі і правоў чалавека», — піша аўтар фотапраекта Яўген Атцецкі, які сам з'яўляецца жыхаром Плошчы Перамен. Яўген здымаў гісторыю двара, будучы ўнутры пратэснага руху, на працягу многіх месяцаў. У 2021 годзе ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

За тэксты, размешчаныя на сайце, адказвала Алеся Песенка, візуальная рэдактура — Маня Хмель, дызайн — Zorka. Сайт даступны на чатырох мовах: расійскай, беларускай, англійскай і польскай, і ажыццявіцца гэтаму дапамаглі Валерыя Хоціна, Крысціна Бандурына, Вольга Бубіч, Наталля Русецкая.

Стварэнне сайту стала магчымым і праз удзел Free Belarus Center, IMS (International Media Support), Instytut Pileckiego.

Каманда адзначае, што цалкам праект пра Плошчу Перамен складаецца з трох частак: сайта, фотакнігі і выстаў. «Кожны складнік — праз розныя сродкі выразнасці распавядае і паказвае хроніку жыцця дваровай супольнасці і салідарнасці на фоне гвалту з боку дзяржавы пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі», — дадаюць стваральнікі.

«Сайт — гэта ў першую чаргу аўтарскі голас, спроба сістэматызаваць і апісаць падзеі. Фотакніга — гэта асабістыя ўспаміны і храналогія. Праект пабудованы такім чынам, каб сайт і фотакніга дапаўнялі адзін аднаго», — тлумачыць адметнасці кожнай часткі Яўген Атцецкі.

На старонцы ёсць магчымасць замовіць кнігу «Плошча Перамен» — гэта можна зрабіць на платформе Кікстартэр да 16 жніўня.