Журналістка Марыя Грыц зрабіла БЧБ-сцяг з прозвішчамі рэпрэсаваных беларусак

Раней дзяўчына зрабіла сцяг з прозвішчамі палітвязняў, якіх на той момант было 1006. На новым БЧБ 588 прозвішчаў рэпрэсаваных жанчын.

photo_2022_08_13_12_23_44.jpg

«Два гады таму мы выйшлі, каб спыніць гвалт. Натхнёныя, спужаныя і ап'янелыя ад таго, як нас шмат, мы не маглі нацешыцца тым першым маршам. Потым былі іншыя, пра неймаверных беларускіх жанчын пісаў і казаў увесь свет, — напісалаМарыя Грыц у фэйсбуку. —

Сёння пра беларускіх жанчын гавораць непамерна меней, але хіба яны самі змяніліся? На сёння з крымінальным пераследам сутыкнуліся не меней за 588 жанчын — і гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам. Іх жыццё часова складзенае 'судовымі' выракамі, але іх імёны не забытыя. Вось яны, так шмат, што хапіла на яшчэ адзін сцяг.

Я называю іх імёны, славутыя і невядомыя, каб пра іх памятаў кожны з вас. Каб яны ведалі, што не адныя, не кінутыя, не забытыя, што іх ахвяра не марная. У першым каментары будзе спасылка, каму і як дапамагчы.

Тады мы выйшлі з кветкамі, але нас не пачулі. Больш кветак у мяне няма».