Прызначана дата «завочнага» суда над Ціханоўскай. Яе просяць прыйсці ў суд і не забыць пашпарт
Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады пачнуць судзіць «завочна» 17 студзеня.
![photo_2021_02_21_13_53_14_1.jpg photo_2021_02_21_13_53_14_1.jpg](/img/v1/images/photo_2021_02_21_13_53_14_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлану Ціханоўскую і сябраў Каардынацыйнай рады запрасілі добраахвотна прыйсці ў беларускі суд.
Мінскі гарадскі суд спадзяецца, што Святлана Ціханоўская, Марыя Мароз, Павел Латушка, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі а 10-ай гадзіне раніцы з'явяцца на судовы працэс. Іх просяць не забыць узяць з сабой пашпарт.
Кожнага з фігурантаў справы абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў — Ціханоўскай інкрымінавана ажно 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў заявіў аб пачатай 26 лістапада «спецвытворчасці» ў дачыненні да членаў Аб'яднанага пераходнага кабінета. Ён распавёў, што справа «расследуецца сумесна з КДБ». Тады ж чыноўнік паабяцаў: «Наступствы пачатку спецыяльнай вытворчасці таксама будуць».
![Першы «завочны» прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі Першы «завочны» прысуд: Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі да 12 гадоў калоніі](/img/v1/images/screenshot_15.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Днямі стала вядома і пра першыя завочныя прысуды. 26 снежня экс-старшыню BSSF Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Справу разглядзела суддзя Святлана Бандарэнка — і асудзіла Герасіменю ды Апейкіна да 12-ці гадоў зняволення. Спартоўцаў, якія цяпер знаходзяцца за мяжой, прызналі вінаватымі ў тым, што яны стварылі «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім», і «распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі пасля выбараў-2020» са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года.