Прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў абвесцяць заўтра, 5 студзеня
Пасля нечаканага перапынку, 4 снежня аднавіўся суд над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вацлавам Арэшкам, пішуць праваабаронцы.
Суд праходзіць у закрытым рэжыме, але згодна з беларускім заканадаўствам абвяшчэнне прысуду нават у закрытых судах — адкрытае.
Прафсаюзных актывістаў вінавацяць у закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Справу разглядае суддзя Алена Папкова.
Нагадаем, што 26 снежня ў Мінску ўжо быў абвешчаны прысуд па іншай «прафсаюзнай справе» — кіраўнікам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Кіраўнік арганізацыі Аляксандр Ярашук быў асуджаны на 4 гады калоніі, яго намеснік Сяргей Антусевіч — 2 гады, бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года калоніі. Прычым Ярашука прызналі вінаватым у закліках да санкцый, хаця ён выступаў якраз супраць іх.