Распачаўся суд «справе Вясны» — судзяць праваабаронцаў

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 5 студзеня, распачаўся суд "па справе Вясны". Судзяць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Змітра Салаўёва.

Вясноўцы на судзе 5 студзеня

Вясноўцы на судзе 5 студзеня

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 5 студзеня, распачаўся суд "па справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць чатырох праваабаронцаў: старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. Справу прызначаная разглядаць суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Суд пака адкрыты — мы сочым за ходам падзей.



Што адбываецца на судзе?

Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты. Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўляць з суддзёй на беларускай мове. На судзе праваабаронцы заяўляць хадайніцтвы — весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не задаволіла першае хадайніцтва, а другое нават не разглядала.

Па справе ўсяго 283 тома матэрыялаў справы па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе. Алесь Бяляцкі заявіў, што больш за 70 тамоў не паспеў азнаёміцца. Па справе праходзяць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне. Інтарэсы на судзе Змітра Салаўёва прадстаўляе прызначаны следствам адвакат. Алесь Бяляцкі выказаў недавер Марыне Запаснік і заявіў ёй адвод. Чакана хадайніцтва было адхілена.


У чым абвінавачваюць праваабаронцаў?

viasna_sud_5.jpeg



Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання".

Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзСуелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года".

Уладзь Лабковіч на судзе 5 студзеня

Уладзь Лабковіч на судзе 5 студзеня



У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, "прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь";
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, "якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў";
  • аплаты працы адвакатаў, "у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь".

"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.


Узмацненне абвінавачванняў, поўная ізаляцыя, Нобелеўская прэмія міра: паўтара гады ў зняволенні

У "чорную сераду" 14 ліпеня 2021 года па ўсёй Беларусі былі затрыманыя адзінаццаць праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры "Вясны". Ператрусы адбыліся ў офісе "Вясны" на Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў". У межах крымінальнай справы ў ІЧУ на Акрэсціна ў якасці падазраваных змясцілі шэсць праваабаронцаў: старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, намесніка старшыні "Вясны" Валянціна Стэфановіча, каардынтара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, праваабаронцу Алену Лапцёнак, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэя Палуду, журналіста Сяржука Сыса, валанцёрку Яўгенію Бабаеву. Таксама затрымалі жонку Уладзіміра Лабковіча Ніну.

У хуткім часе Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК, і трох вясноўцаў змясцілі пад варту. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам". Год яны ўтрымліваліся ў СІЗА-1 у поўнай ізаляцыі і дрэнных умовах, якія вельмі пагоршылі здароўе праваабаронцаў.

Напрыканцы верасня крымінальную справа ў дачыненні да праваабаронцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спынілі. Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя больш жорсткія абвінавачванні. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за неуплату падаткаў, але цяпер дзеянні праваабаронцаў у адносінах да іх вырашылі кваліфікаваць па-іншаму. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

7 кастрычніка стала вядома, што старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі разам з украінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод” і расійскім “Мемарыялам” стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека ў Осла адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. Праваабаронца не змог асабіста атрымаць узнагароду, бо ўтрымліваецца за кратамі, таму прэмію замест Бяляцкага атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук.