Сумныя вынікі мінулага года: больш за 6 тысяч затрыманых і новыя метады пераследу

Праваабаронцы апублікавалі справаздачу па маштабах палітычных рэпрэсій у 2022 годзе. Вядома як мінімум пра 6380 затрыманняў.

img_2777_1_logo_2.jpg

Мінімум 17 затрыманняў у дзень — такую сумную статыстыку прыводзяць праваабаронцы «В*сны» ў сваіх «выніках года». Гэта амаль паўтары тысячы жанчын, каля пяці тысяч мужчын і 15 непаўнагадовых.

Больш за ўсё затрыманняў адбылося ў Мінску — 3334. Прыкладна аднолькавая колькасць затрыманых па палітычных матывах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях — 683 і 682 адпаведна. 558 затрыманняў у 2022 годзе «назбірала» Гродзенская вобласць, 448 — Віцебская і 341 — Магілёўская. Менш за ўсё затрыманых было ў Мінскай вобласці — 206 чалавек.

З усіх спраў 3272 — адміністрацыйныя. Агулам па іх прысудзілі каля 28 804 сутак (78 гадоў) і 888 224 рублі (каля 325 000 долараў) штрафаў. Спынены па розных прычынах былі толькі 47 спраў.

Самыя працяглыя арышты па адміністрацыйных справах адбылі Уладзімір Багамольнікаў (100 сутак), Андрэй Галавырын (90 сутак), Віталь Енаровіч (85 сутак), Вольга Брыцікава (75 сутак) і Наста Лойка (60 сутак).

Праваабаронцы паведамляюць таксама пра тыя метады пераследу, якія сілавікі выкарыстоўвалі супраць «палітычных» затрыманых: вядомы выпадкі, калі беларусаў пры затрыманні збівалі дубінкамі, патэльняй, электрашокерам, металашукальнікам і берцамі. Людзям на галаву надзявалі вядро для смецця і матацыклетны шлем і білі па іх дубінкамі. Часта, каб прымусіць людзей даваць паказанні, сілавікі білі іх электрашокерам. Пасля масавых арыштаў за ўдзел у антываенным мітынгу людзей не толькі збівалі падчас затрыманняў, але і катавалі наўпрост на Акрэсціна: пускалі газ з балончыка па вентыляцыі ў душавых; супрацоўнікі хадзілі па людзях, тапталіся нагамі па спіне; затрыманых выводзілі ў калідор і збівалі.

Вядома таксама, што ў мінулым годзе сілавікі актыўна выкарыстоўвалі зброю: стралялі на паражэнне па «рэйкавых партызанах» і спрабавалі застрэліць сабак затрыманых.

Акрамя таго, у 2022 годзе быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных менавіта на барацьбу з апанентамі рэжыму. Гэта папраўкі ў Крымінальны кодэкс (смяротнае пакаранне за «замах на тэракт»), пазбаўленне грамадзянства нязгодных з уладамі, «завочныя суды» над палітэмігрантамі (на дадзены момант вядома пра 17 абвінавачаных у парадку спецвытворчасці).

У сакавіку 2022 года МУС апублікавала «спіс экстрэмістаў», які цяпер вырас да 2263 чалавек за кошт «палітычных».

У якасці рэпрэсіўных мер сілавікі сталі таксама граміць кватэры апанентаў рэжыму (мінімум дзевяць разгромленых кватэр за мінулы год) і затрымліваць іх сваякоў, а таксама сваякоў тых, хто ваюе цяпер у палку Каліноўскага.

У калоніях і турмах на палітзняволеных сталі заводзіць новыя крымінальныя справы — мінімум 57 палітвязням у калоніях узмацнілі рэжым і асудзілі за «парушэнне рэжыму». Прымушаюць замаўчаць СМІ, прызнаючы іх «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», а потым за інтэрв'ю сродкам масавай інфармацыі, прызнаным «экстрэмісцкімі», затрымліваюць па «крыміналках» — як гэта было з Ягорам Лебядком і Дар'яй Лосік.

На дадзены момант, паводле інфармацыі праваабаронцаў «В*сны», у краіне налічваецца 1446 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» прызнае палітычнымі зняволенымі 1718 чалавек.