Хронікі рэпрэсій за 4 студзеня

Агляд навін сённяшняга дня ў Беларусі.

_kdb___khb___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Праваабаронцы падвялі вынікі мінулага года. Паводле іх звестак, за 2022 год адбылося як мінімум 6 тысяч затрыманняў, звыш 3 тысяч з іх — па адміністрацыйных справах. Таксама сілавікі выкарыстоўвалі новыя метады ціску на апанентаў рэжыму. Падрабязней чытаць тут.

Заўтра, 5 студзеня, стане вядомы прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку. Іх вінавацяць у «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК), «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім» (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

Таксама вядомая дата суда над палітзняволенай Дар'яй Лосік — яе пачнуць судзіць 18 студзеня ў Брэсцкім абласным судзе за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» выданню. Працэс будзе весці суддзя Мікалай Грыгаровіч.

Сілавікі затрымалі праграміста «Innowise Group» Максіма Статкевіча. Аўтары праўладнага тэлеграм-канала пішуць, што падставай для затрымання стала перапіска ў працоўным чаце, якой падзяліліся калегі Максіма. Супрацоўнікі кампаніі ў гэтым сумняваюцца.

У Гродне затрымалі былога супрацоўніка ГрДМУ і патолагаанатама. Мужчыну жорстка паклалі на зямлю пры затрыманні. Калі яго выводзілі з аўтамабіля, у яго была белая павязка на галаве. У «пакаяльным відэа» медыка прымусілі сказаць, што ён размяшчаў на сваёй старонцы матэрыялы «экстрэмісцкага характару», і паабяцаць іх выдаліць.

1 год зняволення прысудзілі Дзмітрыю Анчукову за «апаганьванне будынкаў і іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі і малюнкамі». Паводле версіі следства, Анчукоў «нанёс аэразольным балончыкам чорнага колеру некалькі надпісаў на тарцы дамоў і прыпынкі грамадскага транспарту ў розных месцах горада, якія абражалі пачуцці грамадзян, дэманстравалі грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі і дыскрэдытавалі дзяржаўную ўладу».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у краіне налічваецца 1446 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» прызнае палітычнымі зняволенымі 1718 чалавек. Сярод іх — 200 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 чалавек былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.