Святлана Ціханоўская: Свет бачыць барацьбу беларусаў
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская пракаментавала замежным СМІ Нобелеўскую прэмію Алеся Бяляцкага.

Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская ў каментары тэлеканалу «Euronews» заявіла, што Нобелеўская прэмія міру, прысуджаная праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, — выразны сігнал для беларусаў пра тое, што наша барацьба не застаецца незаўважанай на міжнароднай арэне:
«Гэта стала для беларусаў выразным сігналам пра тое, што іх барацьба бачная ў свеце, што іх барацьба важная. І Алесь як выбітны прадстаўнік нашай свабоднай супольнасці стаў выдатным выбарам Нобелеўскага камітэту. А з боку рэжыму, вядома ж, гэтая навіна была абсалютна праігнараваная».

Учора ў сталіцы Нарвегіі прайшла цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. За Алеся Бяляцкага медаль атрымлівала яго жонка Наталля Пінчук. У нобелеўскай лекцыі яна звярнула ўвагу міжнароднай супольнасці на тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Наталля падкрэсліла небяспеку, якая ўзнікае, калі свет ігнаруе парушэнні правоў чалавека і працягвае гандляваць з дыктатарамі. Перадаючы слова свайго мужа, яна заклікала змагацца з «інтэрнацыяналам дыктатараў», які зараз спрабуе зрабіць з Украінай тое самае, што зрабіў з Беларуссю.

Сувязь падзей у Беларусі і ва Украіне падкрэслівае і Святлана Ціханоўская:
«Акно нашых магчымасцей цесна звязана з вынікам вайны ва Украіне. Калі перамогуць украінцы (а гэта абавязкова адбудзецца пры садзейнічанні і дапамозе ўсяго свету), гэта аслабіць рэжым у Крамлі, а значыць, і рэжым у Беларусі, таму што Крэмль палітычна і эканамічна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі».