Зяленскі павіншаваў украінскіх лаўрэатаў Нобеля, не ўзгадаўшы Бяляцкага і «Мемарыял»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ва ўчорашнім звароце павіншаваў з атрыманнем Нобелеўскай прэміі міру ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод. Іншых лаўрэатаў — беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага і расійскі «Мемарыял» — ён аніяк не ўзгадаў.

«У нарвежскай сталіцы, у Осла, прайшла
штогадовая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру. У гэтым годзе на
цырымоніі ўпершыню прагучала мова Украіны, наша ўкраінская мова — дзякуючы Цэнтру
грамадзянскіх свабод і яго кіраўніцы спадарыні Матвійчук, якія сталі лаўрэатамі
прэміі міру. Я віншую Аляксандру, яе калег і ўсіх украінскіх праваабаронцаў з
такім прызнаннем», — сказаў Зяленскі.
Беларускі гісторык Аляксандр Фрыдман зрабіў на гэты конт допіс у сваім тэлеграм-канале, адзначыўшы, што «гэты крок Зяленскага яшчэ раз паказвае, што ён (як прэзідэнт краіны, супраць якой Расія развязала вайну і выкарыстоўвае ў гэтай вайне Беларусь) не схільны падзяляць рэжымы і грамадзян».
«Гэта, на жаль, звычайная пазіцыя для эпохі крывавай вайны, але несправядлівая для немалой колькасці беларусаў і тых расійцаў, якія стаяць сёння на баку Украіны», — напісаў Фрыдман.
