Расійскаму лаўрэату ўлады РФ загадалі адмовіцца ад Нобелеўскай прэміі, але ён не прыслухаўся
Расійскі лаўрэат сёлетняй Нобелеўскай прэміі міру Ян Рачынскі заявіў, што ўлады Крамля загадалі яму адмовіцца ад узнагароды.

Ян Рачынскі, які цяпер узначальвае «Мемарыял», сказаў, што яму сказалі не прымаць прэмію, таму што двух іншых сулаўрэатаў — украінскую праваабарончую арганізацыю і зняволенага беларускага праваабаронцу — палічылі «недарэчнымі».
«Мемарыял» з'яўляецца адной з найстарэйшых грамадскіх праваабарончых груп Расіі, ён быў абвешчаны замежным агентам і закрыты расійскімі ўладамі ў мінулым годзе.

Ян Рачынскі сказаў BBC, што яго арганізацыі параілі адмовіцца ад узнагароды, але «натуральна, мы не звярнулі ўвагі на гэтую параду».
Нягледзячы на пагрозы яго бяспецы, Рачынскі сказаў, што праца «Мемарыялу» застаецца важнай. «У сённяшняй Расіі асабістая бяспека нікому не можа быць гарантаваная, — сказаў ён. — Мы ведаем, да чаго вядзе беспакаранасць дзяржавы… Трэба неяк выбірацца з гэтай ямы».

Заснавальнікамі «Мемарыялу» былі Андрэй Сахараў і Леў Панамароў. Гісторыка-асветніцкая і праваабарончая арганізацыя дакументавала гісторыю савецкіх рэпрэсій.
Нобелеўскі камітэт, калі абвяшчаў лаўрэатаў, заявіў: «"Мемарыял" быў заснаваны на ідэі, што супрацьстаянне мінулым злачынствам мае важнае значэнне для прадухілення новых».
Ян Рачынскі назваў «выдатным» рашэнне Нобелеўскага камітэта прысудзіць прэмію лаўрэатам у трох розных краінах. Ён сказаў, што гэта з'яўляецца доказам таго, «што грамадзянская супольнасць не падзеленая нацыянальнымі межамі, што гэта адзіны арганізм, які працуе на вырашэнне агульных праблем».
Паводле www.bbc.com