«Паездкі Ціханоўскай — гэта ратаванне рэпутацыі Беларусі, недапушчэнне сыходу Лукашэнкі ад адказнасці»
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў інтэрв’ю праекту Мікіты Мелказёрава «Жыццё-м*ліна» расказаў пра памылкі штаба, расчараванне актыву, патрабавальнасць і перфекцыянізм лідаркі апазіцыі. «Салідарнасць» прыводзіць некалькі цікавых момантаў гутаркі.
Пра скандалы і самакапанне
— Самае страшнае, што расчароўваецца актыў. Таму што, ладна,
там грамадскае меркаванне, але людзі, якія працуюць у камандах розных медыя,
праектаў, B*POL, валанцёры — яны глядзяць на ўсе гэтыя сваркі, на ўсе гэтыя
«срачы», раcчароўваюцца і сыходзяць, — пракаментаваў Франак Вячорка шэраг
скандалаў, што адбываліся ў апошнія месяцы.
На яго думку, у незалежніцкім асяродку адбываецца
самакапанне — хто быў вінаваты ці невінаваты ў 2020-м:
— Мы замест таго, каб глядзець у будучыню, шукаць рашэнне,
пачынаем капацца. А можа Вячорка ўсё зліў, а можа — не. А Ціханоўская, напэўна,
ФСБшніца ўсё-ткі. І мы проста самі сябе знішчаем у гэтым самакапанні. Ёсць,
канешне, рэфлексія. І яна павінна быць. Але калі пачынаецца ўзаемная атака,
пошук шпіёнаў і ворагаў у сваім жа коле — яно перастае быць канструктыўным.
Фатальная гісторыя з Зарэцкай
Працягваючы тэму скандалаў, Франак Вячорка расказаў пра
гісторыю былой прадстаўніцы Пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы
Таццяны Зарэцкай:
— Я думаю, фатальна ўсё ў гэтым кейсе. Было фатальна, як
пракамунікавалі, як адбываўся увесь гэты медыйны скандал. Мы былі не гатовыя. Я
думаю, нейкія ўрокі з гэтага мы зрабілі, нават праводзілі нейкія ўнутраныя
абмеркаванні, што трэба было зрабіць інакш. Я думаю, што гэта ўдарыла па іміджы Кабінета ў нейкай ступені.
Суразмоўца Мелказёрава лічыць, што і Зарэцкая са свайго боку
праваліла камунікацыю з прэсай, пайшоўшы ў контрнаступ: «Гэта было памылкай».
Памылкі і рэсурсы
Франак прызнае, што Офіс дапусціў шмат памылак у сваёй
дзейнасці. З галоўнага — не ўдалося збудаваць эфектыўныя дзейныя структуры,
якія б забяспечвалі ўдзел грамадскага сектару. Каардынацыйная рада на сёння не
прадстаўляе беларускую грамадзянскую супольнасць.
— Я бачу, як добра камунікуюць паміж сабой праваабаронцы і
медыясектар, але камунікацыі паміж іншымі сектарамі досыць мала, — падкрэслівае
дарадца Ціханоўскай. Па яго словах, пры гэтым незалежніцкія арганізацыі
канкуруюць паміж сабой, што зніжае эфектыўнасць іх працы.
Адна з асноўных прычын, чаму Офіс не можа адпавядаць
грамадскім чаканням — малы рэсурс: тут на поўную занятасць працуе 25 чалавек,
існуе істотная кадравая праблема.
Яшчэ адна сур’ёзная праблема — рэсурсы:
— У нас няма матэрыяльнага рэсурсу, каб утрымліваць шмат
людзей. І людзі не гатовыя за такія грошы ісці на працу і рызыкаваць усім. Таму
што пайсці ў Офіс, гэта азначае, што трэба вывезці ўсю сям’ю з Беларусі, рызыкнуць
усім. За табой будуць ганяцца кадэбэшнікі, на табе будуць 10 крымінальных
справаў. Людзі не гатовыя дзеля жыццёвай місіі і невялікага заробку на гэта
пайсці.
Пра два гады працы з лідаркай апазіцыі і яе перфекцыянізм
Франак расказвае, што Ціханоўская вельмі часта падыходзіць
раіцца. Але, бывае, пры гэтым яна можа і насварыцца. Яму дастаецца часцей, бо
яны рэгулярна бываюць у супольных паездках.
Прылятае за кепска падрыхтаваную сустрэчу, за памылкі ў
мове, за прапушчаныя літары, за заявы ў прэсе, пасля якіх ёй даводзіцца
тлумачыцца перад журналістамі:
— Яна выдатніца, і ёй трэба, каб усе было падрыхтавана, усё
было дакладна. (…) З ёй, у прынцыпе, цяжка спрачацца, таму што яна такая
перфекцыяністка. Калі нешта не гатова, то мы гэта не робім.
Пра «палітычны турызм»
Многія не разумеюць, навошта Ціханоўская ездзіць па свеце,
называюць гэтыя візіты «палітычным турызмам». Франак тлумачыць, што трэба
прызнаць — Беларусь нікому, акрамя беларусаў, не патрэбная. Байдэн, Шольц і
Макрон думаюць пра свае краіны і свае народы.
Падчас вайны арганізаваць дыскусію па Беларусі стала ўдвая,
а то і ўтрая складаней. Бо наша краіна ўжо не такая модная, больш за тое, яна —
суагрэсар.
— Людзі не разумеюць, што гэта не пра турызм, гэта пра
ратаванне рэпутацыі Беларусі. Гэта пра недапушчэнне таго, каб Лукашэнка сышоў
ад адказнасці.
Хто аплачвае паездкі Ціханоўскай
— Зараз у нас частка фінансавання — гэта і донары, і
інстытуцыі, у якіх шмат правілаў. І ты не можаш заплаціць большы заробак, чым
яны паставілі рамку. Ты не можаш наняць спецыялістаў больш, чым, напрыклад, іх
кантракты дазваляюць, — тлумачыць Франак Вячорка.
І дзеліцца думкай, што трэба зрабіць — знайсці магчымасць
выйсці цалкам на беларускае фінансаванне, каб беларусы фінансавалі сваіх
палітыкаў:
— Тады будзе больш адказнасці, больш празрыстасці, больш
справаздачнасці. Калі, напрыклад, скажам, на 100% праца Офіса і нашыя паездкі
падтрымліваюцца з ахвяраванняў беларусаў.
Колькі зарабляе дарадца Ціханоўскай
Франак агучыў лічбы заробкаў у Офісе:
— 1200, 1500, 1700 еўра, але гэта па літоўскіх мерках. Я
зарабляю 1500, але я плачу 750 за квартэру, 200−220 — камуналка, 30 — інтэрнет.
Пры гэтым ён адзначыў, што мае магчымасць зарабляць
дадаткова на інтэрв’ю сусветным СМІ.