Асобная думка. Кубак Ціханоўскай-2023

Інтэрнэт-супольнасць надзвычай хуценька і рэзва пераадолела навагоднія «аліўе-шампусік» і амаль праз дзень-другі зноўку рынулася ў святую барацьбу, якая гэтым разам мае назву «Кубак Ціханоўскай-2023».

screenshot_20230103_211535_facebook.jpg


Не вельмі дасведчанаму чытачу нагадаю: акурат перад Новым годам нейкія сумленныя і шчырыя грамадзяне паспрабавалі абмеркаваць айфон у руцэ Святланы Ціханоўскай. Пераважна, канешне, абмяркоўваўся ягоны кошт. І што амаль ні адна даярка ці трактарыст, а уж тым больш дворнік з кур‘ерам яго сабе дазволіць не могуць. Нават адзін развядзенец, у якога нібыта была жонка з мільёнамі (невядома чаго, калі шчыра казаць), паскардзіўся, што такой раскошы не было ў іх.
Айфон бы і айфон. І не тое каб ён нейкі дарагі быў. Тут айфон у прадавачкі ў краме ёсць. Каб яго набыць, трэба толькі да салона сувязі А1 ці МТС дайсці ды чаргі дачакацца. 20 хвілін — і рознакаляровая скрынка з гэтым айфонам у цябе, разам з кабалой на гады 2-3 мінімум. Чаго да Святланы дачапіліся? Не разумею я.
Салютамі пастралялі, сабак папужалі, шампанскае з гарэлкай папілі. Трэба ж за працу брацца. А вось яна тут і ёсць! Ціханоўская з кубачкам у навагоднім віншаванні! І кубачак няпросты, зусім няпросты! Ажно 21 з гакам еўра каштуе. Калі дакладна, то 21,68. Гэта на беларускія грошы па сённяшнім курсе штосьці каля 63 рублёў. Мала таго, нехта ўгледзеў на гэтым кубку лыч с вусамі!
І што, як вы думаеце? Так! Здрада! Ціханоўская піярыць СаміВедаецеКаго за кубачак коштам у 21,68 еўра. Чалавек з айфонам за «мільён дзенюх» не грэбуе і кубачкам за «крышку грошай»...
І вось зараз я вельмі хачу спытаць у тых, хто здзірае пальцы ў кроў на клавіятуры, даказваючы, што Святлана Ціханоўская ёсць «гадасць суцэльная» і «грантасоска»: чаму ж так? У яе ёсць айфон, а ў цябе няма? Дык гэта пытанне да цябе, а не да яе. Чаму ты нічога не зрабіў, каб мець айфон? І ці ўвогуле ён табе патрэбны? Гэта «машынка» для бізнесоўцаў, якія 24/7 на сувязі і праз яе могуць рабіць амаль усё. Гэта такі малы аналаг камп'ютара, якім у свой час былі «Nokia E-series». Не ведаеш, што гэта? Ідзі і вучыся! А без гэтай вучобы ты будзеш бачыць на фота толькі тэлефон з Цік-Токам. Нават не так: без Цік-Тока, бо гэта вельмі складаная рэч — гэта правобраз выкарыстання штучнага інтэлекту, складаныя алгарытмы, сістэмы хэштэгаў і гэтак далей.Вучыся! Чытай! Думай!
Кубачак застаўся. Ну як вам патлумачыць... Ролікі такога кшталту здымаюцца не за гадзінку і не на той жа айфон. Гэта вельмі вялікая і складаная праца — сцэнарыстаў, рэжысёра, асвятляльнікаў, грымёраў і шмат каго яшчэ. І гэта каштуе шмат болей, але ж who cares? Прасцей тупа ўгледзець гэты чортаў кубачак. Параўнанне ягонага кошту з коштам бітага кубка ва ўласнай «хрушчобе» лепей дойдзе да рэшты мазгоў гледачоў і карыстальнікаў сацсетак. Чым гэта адрозніваецца ад абавязковага пытання карнікаў у іх відэа: «А які ў цябе быў заробак? Чаго табе не хапала?»
Кошт пытання — 21,68 еўра.
А зараз самае цікавае. Тое, што руйнуе ўсе гэтыя мярзотныя захады. Такія відэа здымаюць у адмысловых лакацыях. З адмысловым рэквізітам, з адмысловым святлом. Ялінкі, цацкі, кубачкі і г. д. — гэта рэквізіт студыі ці лакацыі, у якой робяцца здымкі. Дарэчы, кошт лакацый, якія некаторыя жадалі б бачыць у выглядзе руінаў, сцягоў і паходняў, быў бы значна большым, чым гэтага няшчаснага кубачка.
Пераможцы ў «Кубку Ціханоўскай-2023» быць не можа. Мяжы чалавечай мярзотнасці не існуе. Я не дарма прыгадаў карнікаў з іх пытаннямі наконт заробку. Дзяржава і яе кіраўніцтва як можа запэўнівае насельніцтва ў тым, што заможным быць дрэнна. Калі чалавек нешта мае — ён абавязкова пачынае думаць. Спачатку пра тое, як карысней распарадзіцца грашыма. Потым — як лепей іх скарыстаць. Так можна невядома да чаго дадумацца.
А кубачак прыгожы, насамрэч. Паглядзіце, падумайце. Можа, спадабаецца...